3 траўня 2024, Пятніца, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Інфляцыя ўжо «з'ела» падвышэнне пенсій

25
Генадзь Фядыніч: Інфляцыя ўжо «з'ела» падвышэнне пенсій
Генадзь Фядыніч
ФОТA: GAZETABY.COM

Старшыня Беларускага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці распавёў пра тое, як у краіне «цэняць пенсіянераў».

Працоўныя пенсіі з 1 снежня 2016 года падвышаюцца ў сярэднім на 5 адсоткаў. Апошнім разам яны падвышаліся ў верасні мінулага года. І таксама на 5 адсоткаў.

- Падвышэнне пенсій на 5 працэнтаў - гэта смех, бо за год інфляцыя ўжо некалькі разоў «з'ела» гэта падвышэнне. Відавочна, што беларуская эканоміка няздольная падняць пенсіі на прыстойны ўзровень. Людзі атрымліваюць у сярэдні па 200-300 рублёў, як на іх пражыць пры сённяшніх коштах і тарыфах камунальных паслуг? А калі пенсіянеру няма каму дапамагчы? Чалавек усё жыццё сумленна адпрацаваў, аддаў здароўе на гэта, таму і ад дзяржавы павінен атрымаць лепшае стаўленне, - распавёў у інтэрв'ю «Радыё Рацыі» Генадзь Фядыніч.

- Няма грошай на падвышэнне пенсій?

- Не, але давайце паглядзім на праблему з іншага боку. Шмат бюджэтных грошай ідзе, на мой погляд, не туды, куды трэба. Гэта і войска, і сілавікі, і розныя прапагандысцкія структуры кшталту БРСМ, і розныя забаўляльныя мерапрыемствы. На іх жа ёсць фінансаванне.

- А наколькі пенсіі вялікі цяжар для бюджэту?

- Цяжкі, бо пенсіянераў шмат. Калі б нармальна працавала эканоміка, было б лягчэй, але маем тое, што маем. А эканоміку не падманеш.

- Кажуць, што ў будучыні плануюць браць 40% з пенсiй у тых пенсіянераў, якія яшчэ і працуюць?

- Такія размовы насамрэч ёсць. Але чаму працуе пенсіянер? Таму што не стае грошай на жыццё. А хочацца і нармальна харчавацца, і дапамагчы дзецям і ўнукам. І калі ёсць здароўе і магчымасць, чаму б і не папрацаваць? Але ж чалавек за доўгае працоўную жыццё ўжо зарабіў сабе пенсію, навошта яе забіраць? І спасылка на досвед іншых краін тут не да месца. Зрабіце пенсію тысячу ці дзве тысячы еўраў і ніякіх праблем не будзе. Не можаце гэтага зрабіць, дык навошта забіраць у людзей тое, што яны самі зарабілі?

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках