19 сакавiка 2024, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У Расеі прынятая пастанова аб адхіленні Лукашэнкі ад улады

225
Зміцер Бандарэнка: У Расеі прынятая пастанова аб адхіленні Лукашэнкі ад улады
КОЛЛАЖ: Олег Минич, «Радыё Рацыя»

Але апошняе слова ўсё адно застанецца за беларускім народам.

Апошнія канфлікты паміж уладамі Беларусі і Расеі ў інтэрв'ю charter97.org каментуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Як вы пракаментуеце адмову Лукашэнкі ехаць на саміт АДКБ і ЕАЭС, які ўчора адкрыўся ў Санкт-Пецярбургу?

- Відавочна, што стасункі паміж двума дыктатарамі, паміж дзвюма «брацкімі» рэжымамі кепскія як ніколі. Пацвярджаецца версія аб тым, што ў Расеі прынятая пастанова аб адхіленні Лукашэнкі ад улады. Беларускаму дыктатару гэта стала вядома: спецслужбы Беларусі паклалі яму на стол нейкія дакументы, якія пацвярджаюць рэалізацыю гэтага плана расейскімі ўладамі і наяўнасць змоўшчыкаў унутры Беларусі.

Пакуль аналітыкамі чамусьці ігнаруецца той факт, што Беларусь замест абяцаных 24 або 25 мільёнаў тон нафты атрымала ў 2016 годзе толькі 18 мільёнаў тон. Усе заявы аб тым, што сітуацыя з валавым унутраным прадуктам Беларусі апошнія месяцы года нібыта стала паляпшацца, не маюць пад сабой ніякай глебы. Пры такіх стратах асноўнай сыравіны, якая дае найбольшы экспартны даход, рэальнае падзенне ВУП у гэтым годзе складае не менш за 5%. І ў Расеі ўжо заявілі, што ў наступным годзе Беларусі дадуць таксама толькі 18 мільёнаў тон нафты. Гэта фактычна выбівае падпоркі з-пад беларускага рэжыму і асабістай улады Лукашэнкі.

- Ці будзе, як вы казалі, абвешчана надзвычайнае становішча? Чаго нам варта чакаць найбліжэйшым часам?

- Так, гэта вельмі імаверна. Відаць, што дыктатар учыняе хаатычныя, неадэкватныя дзеянні, і імавернасць увядзення надзвычайнага становішча, на мой погляд, вельмі вялікая.

Неабходна адзначыць, што, безумоўна, Пуцін цалкам кантралюе беларускі рэжым, але тут яшчэ ёсць адзін асаблівы фактар. Лукашэнка дзіўным чынам з'яўляецца другім па папулярнасці палітыкам на ўнутрырасейскім рынку. Паводле апошніх звестак сацапытанняў, рэйтынг даверу да яго сярод расейцаў складае 65%. Гэта не можа не раздражняць Пуціна, таму што ў сітуацыі, калі ў самой Расеі ёсць праблемы з эканомікай, могуць з'явіцца групоўкі сярод сілавікоў і палітыкаў, якія маглі б паспрабаваць выкарыстоўваць карту Лукашэнкі ў Расеі. Таму лёс Лукашэнкі як кіраўніка, на мой погляд, прадвызначаны.

- Як у такім выпадку будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі?

- Няма ніякіх падстаў думаць, што жыццё беларусаў пры дзейным рэжыме змяніцца ў лепшы бок. Але сітуацыя ў свеце і рэгіёне развіваецца дынамічна. Расце незадаволенасць беларусаў уладай і таму мой прагноз - нягледзячы на любыя дзеянні Лукашэнкі, сітуацыя будзе развівацца ўжо паводле некантралюемаму ўладамі сцэнару.

- Як Пуцін можа зняць Лукашэнку? Як гэта можна рэалізаваць практычна?

- У Расеі вялікі арсенал магчымасцяў для адхілення ад улады беларускага дыктатара. Такія варыянты адпрацаваны, як унутры Расеі (напрыклад, у Татарстане, у Маскве, у Башкартастане), так і ў Прыднястроўі, дзе доўгі час існаваў рэжым Смірнова. Але розніца паміж усімі гэтымі рэгіёнамі і шчасце Беларусі ў тым, што ў нас існуе велізарная колькасць людзей, якія з'яўляюцца патрыётамі Беларусі і колькасць гэтых людзей вырасла. У грамадстве таксама ёсць сур'ёзныя праеўрапейскія настроі. Беларусь мяжуе з краінамі Еўразвязу, NATO, а таксама з Украінай, якая імкнецца ўвайсці ў гэтыя структуры.

Усё гэта дае нам надзею і рэальную магчымасць для пазітыўных зменаў. Мы ведаем, што часта і расейскія, і былыя савецкія кіраўнікі хацелі адно, а атрымлівалася зусім іншае. Але для гэтага трэба будзе праявіць волю як адказным беларускім палітыкам, так беларусам трэба быць гатовым да сур'ёзнай шматмесячнай барацьбы за свае правы, за свабоду, за незалежнасць краіны.

Напісаць каментар 225

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках