3 траўня 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януковіча прызналі самым карумпаваным чалавекам у свеце

3
Януковіча прызналі самым карумпаваным чалавекам у свеце
Віктар Януковіч
ФОТА: REUTERS

Былы прэзідэнт Украіны прызнаны самым карумпаваным чалавекам у свеце паводле версіі сайта Unmask the Corrupt.

10 лютага на сайце арганізацыі Unmask the Corrupt былі апублікаваныя вынікі галасавання, паведамляе lenta.ru.

За Януковіча прагаласавалі 13,2 тысячы чалавек, другое месца з 11,9 тысячы галасоў заняла дзяржаўная нафтавая кампанія Бразіліі Petrobras, трэцяе - былы прэзідэнт Панамы Рыкарда Марцінэлі, які набраў 10,2 тысячы галасоў.

У профілі Віктара Януковіча паказана, што ён жыў на віле коштам некалькі мільёнаў даляраў, перадаў у прыватныя рукі дзяржаўныя актывы на велізарныя сумы і збег у Расею, каб пазбегнуць пакарання за крадзяжы.

6 лютага намеснік генпракурора Украіны Віталь Касько прызнаўся, што Кіеву не ўдалося вярнуць ніводнай капейкі з актываў Януковіча.

Unmask the Corrupt - гэта сацыялагічны і іміджавы праект міжнароднай арганізацыі Transparency International для выяўлення найбольш карумпаваных асоб і арганізацый. Галасаванне на сайце стартавала ў снежні 2015 года, у ім мог узяць удзел любы ахвочы. Удзельнікі маглі выбраць сярод дзевяці намінантаў, адабраных паводле вынікаў апытання грамадскасці: былы прэзідэнт Туніса Зін эль-Абідзін Бэн Алі, сенатар Дамініканскай Рэспублікі Фелікс Баўтыста, ФІФА, чачэнскі фонд імя Ахмата Кадырава, кіраўніцтва амерыканскага штата Дэлавэр, Petrobras, палітычная сістэма Лівана, Рыкарда Марцінэлі і Віктар Януковіч.

Transparency International - няўрадавая міжнародная арганізацыя барацьбы з карупцыяй і даследавання ўзроўню карупцыі ва ўсім свеце, заснаваная ў 1993 годзе ў Бэрліне.

Віктар Януковіч быў прэзідэнтам Украіны ў 2010-2014 гадах. Скінуты ў выніку Еўрамайдана - шэрагу падзей у палітычным жыцці Украіны зімой 2013-2014 гадоў, якія суправаджаліся масавымі пратэстнымі акцыямі ў цэнтры Кіева і іншых гарадах Украіны. Пасля звяржэння Януковіч збег у Расею.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках