26 красавiка 2024, Пятніца, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судовы «канвеер» за пратэсты супраць міліцэйскага гвалту

6
Судовы «канвеер» за пратэсты супраць міліцэйскага гвалту

Актывіст БХД, прадпрымальнік Віталь Стаўровіч аштрафаваны на 3 150 000 рублёў за акцыю пратэсту ля Вярхоўнага суда.

12 лютага суд Маскоўскага раёну Менску пакараў штрафам 15 базавых адзінак (3 150 000 рублёў) індывідуальнага прадпрымальніка, сябра аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Стаўровіча за ўдзел у акцыі пратэсту ля Вярхоўнага суда 30 студзеня. «Акцыя была выключна мірная. Нам, прадпрымальнікам, і так не даюць працаваць, да таго ж у мяне дзіця на руках, а тут яшчэ ціснуць штрафамі. Беззаконне», - заявіў Віталь Стаўровіч сайту bchd.info.

Раней сайт charter97.org паведамляў, што 30 студзеня ў Менску ля будынку Вярхоўнага суда прайшла акцыя пратэсту «Спынім міліцэйскае бясчынства». Паводле звестак праваабаронцаў, якія праводзілі маніторынг мерапрыемства, супрацоўнікі міліцыі ў той дзень склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на грамадскіх актывістаў і палітыкаў - Анатоля Лябедзьку, Дзяніса Красачку, Вольгу Маёраву, Максімa Винярскага, Наталлю Гарачка-Басалыгу, Святлану Якшыну, Мікалая Казлова, Ніну Багінскую, Віталя Стаўровіча.

Судовыя працэсы над удзельнікамі пачаліся 11 лютага. Ужо аштрафавалі шэраг актывістаў - Максіму Вінярскаму і Алеся Макаеву далі штрафы 50 базавых адзінак(10 500 000), Дзянісу Красачку - 20 базавых адзінак (4 200 000), Ніне Багінскай - 25 базавых адзінак (5 250 000). Справа Наталлі Гарачкі, як і справу Святланы Якшынай, адклалі для выпраўлення недакладнасцяў у пратаколе.

Справы яшчэ трох удзельнікаў акцыі - Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова - будуць разгледжаныя 16 лютага ў Ленінскім судзе Менску.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках