7 траўня 2024, aўторак, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе Віка? Як нацыянальная каманда Беларусі чакае ў Канадзе Азаранку

15

У суботу нацыянальная каманда Беларусі ў тэнісе пачне матч супраць каманды Канады ў Сусветнай групе II Кубка федэрацыі.

Першыя трэніроўкі прайшлі, азнаямленчыя прэс-канферэнцыі і афіцыйная вячэра таксама. Наперадзе лёсаванне, якое адкажа на самае цікавае пытанне апошняга тыдня: ці з'явіцца ў беларускай камандзе Вікторыя Азаранка, піша «Прессбол».

І наогул: дзе яна?

Мяркуючы з рыторыкі адказаў капітана айчыннай дружыны Эдуарда Дуброва і дырэктара тэніснай федэрацыі Антона Юспы - «Яна рыхтуецца. Дзе? Гэта не выдаецца. Мы не здзіўлены такой сітуацыяй, бо ў нас ёсць час да пятніцы» - Азаранка трэніруецца перад матчам з канадкамі дзесьці на суперсакрэтнай базе. На Гаваях ці яшчэ ў якім выдатным месцы - гэта вядома толькі самой тэнісістцы. А выразна адказаць на пытанне мясцовых журналістаў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі не могуць. Не таму, што не хочуць, ім самім не стае інфармацыі.

ВІКТОРЫЯ АЗАРАНКА: Я З ВАМІ, АБО НЕ, АБО НЕ ВЕДАЮ

Цікавасць канадцаў зразумець нескладана. Сярод іх спаборніц значыцца 14-я ракетка свету, двухразовая чэмпіёнка турніру «Вялікага шлема» і былая першая ракетка свету, толькі яе нідзе няма. Ні на трэніроўках, ні ў загадзя забранаваным для яе гатэлі. Праз адсутнасць мясцовай прымы Эжэн Бушар не прыезд Азаранкі ўспрымаецца выключна як станоўчая навіна.

«У нас яшчэ ёсць час зрабіць замену», - кажа Дуброў, не абяцаючы нічога канкрэтнага.

На пачатку тыдня, калі нацыянальная каманда толькі ўз'ядноўвалася ў Квебеку, беларускі капітан не без шкадавання канстатаваў, што Вікторыя ні разу не выйшла на сувязь. Каб не чакаць з мора надвор'я, з Менска ў Канаду павезлі юную Ніку Шыткоўскую – патэнцыйны чацвёрты нумар каманды. Мабыць, вялікіх спадзяванняў на дапамогу Азаранкі трэнерскі штаб не меў, разумеючы, што канадак можна абыграць і без яе, а склад неабходна кімсьці ўкамплектоўваць.

НІКА ШЫТКОЎСКАЯ, ВЕРА ЛАПКО, ЭДУАРД ДУБРОЎ, ВОЛЬГА ГАВАРЦОВА І АЛЯКСАНДРА САСНОВІЧ НА АФІЦЫЙНАЙ ВЯЧЭРЫ Ў КВЕБЕКУ. ФОТА - TENNIS.BY

Трэба разумець, што Азаранка зацікаўленая ў візіце ў нацыянальную каманду. Каб трапіць на Алімпіяду ў Рыа ёй не стае аднаго ўдзелу ў Кубку федэрацыі. Спробаў кваліфікавацца на Гульні засталося дзве: гэтая і красавіцкая, калі каманда, у залежнасці ад выніку мачта ў Канадзе, згуляе плэй-оф або Сусветнай групы, або Сусветнай групы II. Цяперашняя сітуацыя складваецца такім чынам, што цяпер тэнісістцы нават гуляць не трэба. Дастаткова проста з'явіцца на пятнічнай цырымоніі лёсавання, зафіксаваць такім чынам з'яўленне, а далей дзейнічаць на сваё меркаванне. Тады ёй залічаць паўнавартасны прыезд у каманду, і алімпійская норма будзе выкананая. Калі ў Квебеку Азаранка так і не з'явіцца, то павінна будзе перагледзець свае планы, каб знайсці ў красавіку час для Кубка федэрацыі, калі, вядома, хоча згуляць у Рыа.

Калі камусьці такое грэбаванне каманднымі інтарэсамі дзеля ўласнай выгады падасца цынічным, то трэба глыбока ўдыхнуць і паглядзець, як робяць іншыя. Марыя Шарапава, напрыклад, выкарыстала гэту шчыліну і ўжо з пачатку тыдня знаходзіцца ў Маскве, дзе зборная Расеі будзе прымаць каманду Галандыі. Паводле папярэдняй дамоўленасці з капітанам каманды Анастасіяй Мыскінай і прэзідэнтам федэрацыі Шамілём Тарпішчавым Марыю ўключылі ў расейскую заяўку. Тэнісістка са свайго боку паабяцала дружыне ўсебаковую падтрымку, але не дапамогу на корце, а капітан пагадзілася развязаць задачу выхаду ў паўфінал сіламі трох гульцоў, замест чатырох што маюць быць. Пралічыўшы ўсе выдаткі, каманда прыняла той факт, што пры ўсёй нелюбові Марыі да выступленняў за нацыянальную каманду, Алімпіяда з Шарапавай і без яе - гэта два розныя іміджавыя сцэнары для ўсяго расейскага спорту. Таму лепш дамаўляцца загадзя і ўлічваць інтарэсы абодвух бакоў. Дарэчы, агент расейкі Макс Айзенбад ужо заўважыў, што пасля гэтага матчу кар'ера Шарапавай у нацыянальнай камандзе завершыцца. Мабыць, у спартыўных планах Марыі Токіо-2020 няма.

Дэкаратыўная функцыя Марыі Шарапавай у нацыянальнай камандзе Расеі

Ці дамаўляўся хтосьці з Вікторыяй - пытанне адкрытае. Пасля паразы ў чвэрцьфінале «Australian Open» тэнісістка адказала, што яшчэ не наважыла, ці выступіць у хуткім часе за нацыянальную каманду. Гэтым жа вечарам афіцыйны твітэр Кубка федэрацыі апублікаваў склад беларускай дружыны, якую ўзначальвала Азаранка. Ці з добрай волі яе імя было туды ўключана - таксама пытанне. Аднак пасля гэтага з боку тэнісісткі пачаўся рэжым поўнага ігнаравання. Яна правяла канікулы ў цёплай краіне, павіншавала Веру Лапко з перамогай, а ў аўторак двума сумнымі паведамленнямі ў твітэры паведаміла, што захварэла. Лёсаванне, што праясніць сітуацыю, пачнецца ў Квебеку 5 лютага а 20.00 паводле беларускага часу, а на момант напісання гэтага тэксту афіцыйны пашпарт матчу Канада - Беларусь на сайце Кубка федэрацыі выглядаў так:

ПАШПАРТ МАТЧУ КАНАДА - БЕЛАРУСЬ
Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках