9 траўня 2024, Чацвер, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Практыкант з МАЗа: Я не змагу адпрацаваць тут год!

186
Практыкант з МАЗа: Я не змагу адпрацаваць тут год!

Навучэнец менскай прафвучэльні распавёў аб невыносных умовах на аўтамабільным заводзе.

18-гадовы Аляксандр праходзіць практыку ў адным з цэхаў сталічнага МАЗа. Летам, пасля практыкі, хлопца чакае размеркаванне, і больш за ўсё ён баіцца, што год адпрацоўкі яму давядзецца правесці на гэтым жа заводзе. Аляксандр - навучэнец адной з вучэльняў Менска. Хлопец атрымлівае спецыяльнасць электраманцёра.

Аб сваім выбары Аляксандр ужо шкадуе, піша «Наша Нiва».

«Перад практыкай нам сказалі, што будзе некалькі варыянтаў, у тым ліку «Атлант» - патрапіць туды прэстыжна, - а таксама МТЗ і МАЗ», - распавёў Аляксандр.

У выніку, усю яго групу размеркавалі на МАЗ.

Незадаволеныя усе навучэнцы, не толькі Аляксандр: «Займаемся невядома чым. Калі было холадна - прыбіралі лёд, раскідвалі пясок. Вось нядаўна развешвалі фіранкі на вокнах».

Што тычыцца электрыкі, то ні вучобы, ні практыкі амаль няма.

«Сядзіш у гэтым пакойчыку для электрыкаў, слухаеш мацюкі рабочых, задыхаешся ад дыму: хоць паліць там забаронена, але паляць ўвесь час. Глядзіш на гэты бруд усюды і адчуваеш, што проста не можаш там больш знаходзіцца».

«Мне здаецца, ніхто нават не ўяўляе, як там людзі існуюць, - кажа Аляксандр. - Можа, для іншых тыя ўмовы - гэта нармальна, але я быў у шоку. Брудная распранальня, ламаныя шафкі. У душы святло то гарыць, то не гарыць, гарачай вады часцей за ўсё няма. Прытым што ў цэху шкодныя пары і пасля працы трэба мыцца абавязкова. Нават калі зловіш гарачую ваду - то ў самой распранальні холадна, акно ці пабіта, ці не закрываецца».

«Мужыкі працуюць нармальныя. Алкаголь на тэрыторыю пранесці цяжка, але п'яных я часам бачыў. Сваім становішчам рабочыя незадаволеныя: заробкі маленькія. Рабочыя пастаянна скардзяцца адзін аднаму на жыццё, на заробкі, на начальства, на дзяржаву.

Праца то ідзе, то спыняецца. За два месяцы, што я тут, наш цэх два разы спынялі на некалькі дзён. Кажуць, што ў траўні наогул увесь завод спыняць на 10 дзён.

А яшчэ 26 красавіка ў ліцейным цэху загінуў рабочы. Я не ведаю, хто там вінаваты, але ведаю, што працоўны выконваў сваю звычайную працу. У яго засталося трое дзяцей. Такія выпадкі, ведаеце, таксама не дадаюць аптымізму.

Заставацца працаваць на МАЗе не хоча амаль ніхто з аднагрупнікаў. І я таксама не хачу. А варыянтаў фактычна няма - калі я сам не знайду месца размеркавання, то патраплю на МАЗ. А месца знайсці амаль немагчыма. Каму патрэбен 18-гадовы электрык без досведу? Тым больш што мяне амаль нічому і не навучылі... А калі я ўсё ж траплю на МАЗ і мяне звольняць ці я адмоўлюся - давядзецца выплаціць 25 мільёнаў дзяржаве, за тое што я вучыўся. Я не ведаю, што мне рабіць далей», - кажа Аляксандр.

Напісаць каментар 186

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках