3 траўня 2024, Пятніца, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ратуючы настаўніцу менскай гімназіі, настаўнік працы сякерай выбіваў дзверы класа

141

Шакавальнае здарэнне адбылося а 8.30 раніцы 23 траўня ў менскай гімназіі №74 Кастрычніцкага раёна.

58-гадовую настаўніцу расейскай мовы Валянціну Уладзіміраўну замыкаюць у класе і пагражаюць нажом. Напад на настаўніцу адбыўся падчас урока. Нападнікі прапусцілі ўрок па фізвыхаванню і пайшлі да настаўніцы, паведамляе Еўрарадыё.

Адна з вучаніц старэйшага класа гімназіі даведалася пра інцыдэнт ад педагогаў:

«Настаўнікі кажуць, што іх было чацвёра. Трое трымалі, а адзін стаяў з нажом у руцэ. Патрабавалі, каб яна «прасіла прабачэнне за здзекі над дзецьмі», і яна прасіла...».

Але Следчы камітэт кажа толькі аб адным падазраваным.

На крыкі з класа адрэагавалі іншыя педагогі, але дзверы класа былі замкнутыя.

«Настаўнік працы Міхаіл Іванавіч прыбег з сякерай, пачаў ламаць дзверы. Але да таго часу настаўніцу ўжо ўдарылі нажом. Яна страціла шмат крыві, але была ў свядомасці...», - распавяла вучаніца.

Званок аб заканчэнні ўрока так і не далі, абсалютна ўсіх вучняў не выпускалі з класаў. Педагога забралі на «хуткай», падазраванага даставілі ў міліцыю.

Крымінальную справу распачалі паводле артыкула «Замах на забойства» (ч.1 арт.14 і ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Меркаванні навучэнцаў аб траўмаванай настаўніцы вельмі адрозніваюцца. Выпускнікі мінулага года, у якіх педагог была класным кіраўніком, называюць яе патрабавальнай, але вельмі кваліфікаванай. Некаторыя называюць яе строгай.

Настаўніца расейскай мовы знаходзіцца ў бальніцы. Прагнозаў аб яе стане здароўя медыкі не даюць.

«Пацярпелай нанесена некалькі раненняў, у тым ліку ў шыю - жыццёва важны орган. Таму медыкі лічаць неабходным падтрымліваць яе на адмысловых прыладах», - удакладняе Аляксандр Герасімаў, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь г. Менску.

Як даведалася Еўрарадыё, пацярпелая - настаўнік вышэйшай катэгорыі, педагагічны стаж - 25 гадоў, вядзе платны гурток «Падрыхтоўка да ЦТ па расейскай мове» і факультатыў «Практычная стылістыка расейскай мовы».

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках