27 красавiка 2024, Субота, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэркель выказалася за падаўжэнне санкцый супраць Расеі

5
Мэркель выказалася за падаўжэнне санкцый супраць Расеі
ФОТА: РІА НОВОСТИ

Канцлерка Нямеччыны заявіла, што яшчэ занадта рана казаць аб касаванні санкцый Еўразвязу супраць Расеі.

На думку канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, казаць аб касаванні санкцый Еўразвязу супраць Расеі пакуль зарана. Пра гэта яна заявіла, выступаючы на саміце G7 у Японіі, паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.

У канцы снежня ЕЗ падоўжыў санкцыі на паўгода, і ў канцы чэрвеня Брусэль павінен прыняць наконт іх новую пастанову.

У канцы красавіка прэзідэнт ЗША Барак Абама пасля сустрэчы з Мэркель заявіў, што, паводле іх супольнага меркавання, санкцыі трэба скасаваць толькі пасля палітычнага ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны. Канцлерка са свайго боку заявіла, «стабільнага спынення агню па-ранейшаму дасягнуць не ўдалося». Яна таксама адзначыла, што «патрэбныя зрухі ў палітычным працэсе».

У сярэдзіне траўня кіраўніца замежнапалітычнага міністэрства Еўразвязу Федэрыка Магерыні заявіла, што, на яе думку, санкцыі супраць Расеі будуць падоўжаныя. «Лідары ЕЗ звязалі скасаванне санкцый з поўным выкананнем менскіх дамоўленасцей. Яны не былі дасягнутыя», - сказала яна.

Паводле неафіцыйных звестак Bloomberg, усе 28 чальцоў настроены на падаўжэнне санкцый, але канчатковай пастановы яшчэ не прынята. Перад самітам G7 кіраўнік Еўрапейскай Рады Дональд Туск падкрэсліў: «Я хачу дакладна заявіць, што наша пазіцыя ў дачыненні да Расеі, у тым ліку эканамічныя санкцыі, застануцца нязменнымі датуль, пакуль менскія пагадненні не будуць выкананыя напоўніцу».

Крыніца РІА «Новости» ў Брусэлі распавяла, што, паводле яе звестак, гэтае падаўжэнне санкцый будзе апошнім, а з канца года пачнецца іх паступовае скасаванне.

Захад увязвае касаванне санкцый з выкананнем дамоўленасцяў, укладзеных у Менску паміж апалчэнцамі Данбаса і ўкраінскімі ўладамі. Расея разам з Нямеччынай і Францыяй з'яўляецца гарантам выканання гэтых пагадненняў.

Дамоўленасці, прынамсі, прадугледжваюць адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі судакранання, абмен палоннымі, забеспячэнне доступу ўкраінскіх узброеных сіл да дзяржаўнай мяжы з Расеяй і правядзенне выбараў на тэрыторыях, якія кантралююцца апалчэнцамі, у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках