26 красавiка 2024, Пятніца, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

17 гадоў пасля трагедыі на Нямізе

17

30 траўня 1999 года адбылася жудасная цісканіна ў падземным пераходзе ля станцыі метро «Няміга».

Гэты дзень называюць адной з самых трагічных старонак у беларускай гісторыі. Тады ў Менску каля Палаца спорту пры гарачым надвор'і праходзіла свята піва. Пасля васьмі гадзін вечара падчас канцэрту гурту «Манга-Манга» пачалася навальніца, якая суправаджалася буйным градам. Некалькі сотняў маладых людзей накіраваліся да найбліжэйшага падземнага перахода, каб схавацца ад залевы, піша «Салідарнасць».

Цісканіна, якая пачалася, са слоў відавочцаў, доўжылася не больш за дзесяць хвілін, была смяротнай - у ёй загінула 53 чалавекі, сярод якіх былі 42 дзяўчыны і два супрацоўнікі міліцыі. Большасці загінулых было ад 14 да 20 гадоў. Каля 250 чалавек атрымалі розныя траўмы.

Пасля шматлікія сваякі загінуўшых і пацярпелых неаднаразова заяўлялі пра тое, што вінаватыя ў трагедыі так і не былі пакараныя.

Фота: bymedia

Прыводзім словы дзяўчыны - Вольгі Шэвелевай, што выжыла ў трагедыі і страціла на Нямізе двух сваіх сясцёр. Сем гадоў таму яна падзялілася сваімі ўспамінамі:

- На той момант мне было 16 гадоў. На канцэрт я адправілася разам з Ірынай і Марынай - роднай і стрыечнай сёстрамі. Пра тое, што каля Палаца спорту будзе праводзіцца свята піва, мы нават не ведалі - проста хацелі паслухаць выступ гурту. Калі ж падчас канцэрту ўбачылі што насоўваецца хмару, вырашылі яшчэ да пачатку дажджу адправіцца дадому. Спакойна дайшлі да пераходу, спусціліся амаль да канца лесвіцы.

І вось на гэтым месцы стаў утварацца натоўп: тры ці чатыры хлопцы перад намі сталі ў выглядзе зорачкі - ўпёрліся нагамі ў падлогу, а рукамі ў столь. Праз тую лінію пераходу, якую яны ўтварылі, ніхто прайсці не мог. Мне здаецца, што перад гэтымі хлопцамі нікога не было, і яны затрымлівалі людзей дзеля забавы. Калі ж ззаду пачаў ціснуць натоўп і людзі (ніякіх п'яных там не было) сталі казаць «адпусціце, што вы робіце?!», гэтыя маладыя людзі на раз-два-тры адпусцілі рукі і ўцяклі ўніз.

Пад ціскам зверху ўсё наперадзе пачалі падаць. Я ўпала на нейкіх людзей крыху далей сясцёр і больш іх не бачыла. Памятаю яшчэ, што людзі крычалі «Назад! Назад!», але ззаду не разумелі, што адбываецца і спрабавалі рушыць наперад.

У адрозненне ад сясцёр мне пашанцавала: заціснутымі апынуліся толькі мае ногі, астатняе цела было свабодна. Але вельмі хутка мне стала не ставаць паветра, перастала працаваць вентыляцыя і я падумала, што задыхнуся. Маліла Бога і крычала аб дапамозе, але крык у пераходзе стаяў такі, што я сябе ледзь чула.

Так я праляжала хвілін 10 - мяне вынеслі адной з апошніх. Калі прыйшла ў сябе, кінулася шукаць сясцёр, але нікога не знайшла. З мамай мы адшукалі іх у бальніцах - Іру праз дзень (у яе быў зламаны шыйны пазванок), а Марыну праз два - хтосьці нам сказаў, што калі яе прывезлі, яна была яшчэ жывая, але ёй чамусьці не змаглі дапамагчы.

Мне было страшна прызнацца самой сабе, што Іру я бачыла мёртвай яшчэ ў той трагічны дзень на Нямізе: яе неслі ў машыну на насілках, але мне не хацелася ў гэта верыць. Праўду я распавяла маці толькі тыдні праз тры, калі праз тыя ўражанні ў мяне пачаўся нейрадэрміт - на нервовай глебе ўсё цела свярбелі да крыві.

Пасля трагедыі наверсе адразу наважылі ўсё спісаць на надвор'е, баяліся, што мы пачнём шукаць вінаватых. А мне здаецца, вінаватыя былі: тыя маладзёны, якія стрымлівалі натоўп, і міліцыя, якая, выставіўшы ўздоўж дарогі ачапленне, накіравала людзей у метро.

Калі пасля трагедыі я распавяла следчаму тое, што распавяла зараз, маю маці папярэдзілі: калі ваша дачка будзе даваць такія паказанні ў газетах, яна ў жыцці нічога не ўбачыць - нікуды пасля школы не паступіць, на дзяржаўную службу яе не возьмуць.

Тое, што адбылося ў той дзень, назаўжды застанецца са мной. Паўтара года пасля трагедыі я не магла зайсці ў метро - кружылася галава, і толькі пяць гадоў таму я вырашылася выйсці на станцыі метро «Няміга».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках