3 траўня 2024, Пятніца, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы памятаем

25
Мы памятаем
ЮРЫЙ ЗАХАРАНКА

17 гадоў таму быў выкрадзены Юрый Захаранка.

Генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года.

Паводле афіцыйнай версіі гэта здарылася ўвечары ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Менску, калі ён быў выкрадзены з ужываннем гвалту «неўстаноўленымі асобамі» і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Паводле факту знікнення экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была распачатая толькі 17 верасня 1999 году паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй па пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

За некалькі гадоў да гэтага Захаранка быў звольнены са сваёй пасады як чалавек, што не падзяляў пункт гледжання Лукашэнкі і ягонага атачэння. Генерал карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калегаў, займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Таму ягоная апазіцыйная дзейнасць уяўляла асаблівую небяспеку для ўладаў.

Шмат хто ў Беларусі і ў свеце мяркуюць, што яго выкралі праз палітычныя прычыны і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.

У 1999 - 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі. Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала найвышэйшае кіраўніцтва краіны.

Міжнародная супольнасць мяркуе, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідараў беларускай апазіцыі датычныя былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка і экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках