Расейцы будуюць на мяжы з Беларуссю буйную вайсковую базу
8- 22.06.2016, 16:20
- 8,145
Непадалёк ад горада Клінцы Бранскай вобласці ідзе падрыхтоўка да маштабнага будаўніцтва і рэканструкцыі аб'ектаў буйнога вайсковага гарадка.
Аб гэтым паведамляецца на сайце Федэральнага агенцтва спецыяльнага будаўніцтва РФ.
Удакладняецца, што працы вядуцца Галоўнай управай Спецбуду Расеі на тэрыторыі Цэнтральнай федэральнай акругі. У цяперашні момант скончаныя інжынерныя пошукі і даследаванні. Да 1 жніўня 2016 года плануецца скончыць распрацоўку праектнай і горадабудаўнічай дакументацыі.
У ліку новых аб'ектаў тут будзе ўзведзены комплекс тыпавых збудаванняў для патрэб Міністэрства абароны: два двухпавярховыя інтэрнаты для размяшчэння асабовага складу, вялікая сталовая, страявы пляц, дзве дызель-генератарныя ўстаноўкі. Акрамя таго, будаўнікі пракладуць унутрыплошчавыя сеткі першага этапу, якія ўключаюць сеткі цеплавога, электрычнага і водазабеспячэння; правядуць добраўпарадкаванне тэрыторыі", - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя гэтага, адзначае прэс-служба агенцтва, спецыялісты Першага глаўка правядуць рэканструкцыю будынкаў штаба і пяці памяшканняў для размяшчэння вайскоўцаў.
"Як адзначае кіраўнік Першага глаўка Сяргей Смірноў, спецбудаўнікі забяспечаць належны ўзровень бытавых і сацыяльных умоў для вайскоўцаў", - дадае прэс-служба.
Раней паведамлялася, што 30 траўня 2016 года ў памежны раён Бранскай вобласці прыбыў эшалон 28-й Сімферопальскай асобнай мотастралковай брыгады - 214 вайскоўцаў з цяжкай баявой тэхнікай і чатырма пасажырскімі вагонамі.
Клінцоўскі раён мяжуе з Гомельскай вобласцю Беларусі і Чарнігаўскай - Украіны.