2 траўня 2024, Чацвер, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч: У людзей не вытрымліваюць нервы

3
Мікалай Аўтуховіч: У людзей не вытрымліваюць нервы
МІКАЛАЙ АЎТУХОВІЧ

Былы палітвязень мяркуе, што ўлады самі правакуюць ІП на парушэнні і роспачныя крокі.

Былы палітвязень, а цяпер адзін са стваральнікаў прафзвязу для абароны прадпрымальнікаў "Салідарнасць" Мікалай Аўтуховіч распавёў у інтэрв'ю "Радыё Рацыя", чаму прадстаўнікі малога бізнэсу ідуць на рызыкоўныя крокі.

На гэтым тыдні ў Гомелі пахавалі 55-гадовую прадпрымальніцу, якая скончыла жыццё самагубствам. Напярэдадні падатковая інспекцыя канфіскавала ў яе тавар, з некаторай інфармацыі, хацелі на яе "павесіць" незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, і жанчына магла пазбавіцца не толькі тавару, але і маёмасці. У дзень, калі прадпрымальніцу хавалі, у Эканамічным судзе Гомеля павінен быў адбыцца разгляд ейнага пратаколу.

На гэтым жа тыдні пасля праверкі Мінгандлю сталічная прадпрымальніца страціла прытомнасці ў зале суда, і яе адвезлі ў лякарню.

- У людзей не вытрымліваюць нервы. Калі чалавек ведае, што ён працуе, каб пракарміць сваіх дзяцей, а на яго ціснуць і ціснуць, то лёгка можа адбыцца нервовы зрыў. Ды, можа ў яго ёсць нейкія дробныя памылкі ў працы, але ён рызыкуе дзеля сям'і. Людзі ведаюць, што кожны дзень можа прыйсці праверка і канфіскаваць тавар. Яны працуюць і рызыкуюць, таму што больш няма працы, а значыць не будзе чаго і есці. А судзіцца з гэтай уладай - справа бесперспектыўная. Я добра ведаю, што ёсць сітуацыі, калі парушэнняў няма, а падаткавікі самі правакуюць на гэтыя парушэнні.

- Але тыя ж падаткавікі кажуць: працуйце згодна з законам - і ў вас не будзе ніякіх праблем.

- Ведаеце, закон можна па-рознаму трактаваць. І так, і сяк. Як каму больш выгадна. У нас, як мне здаецца, законы наогул накіраваны супраць бяспекі дзяржавы, бо калі людзям не даюць працаваць у той час, як у краіне расце беспрацоўе, то пра што можна казаць? Гэта антынародныя законы. Усе ж ведаюць, якая складаная эканамічная сітуацыя, дык навошта ўзмацняць ціск? Хай бы гэтыя прадпрымальнікі спакойна працавалі, і людзі самі выжывуць. Абы не чапалі. Памежныя раёны наогул самі выжываюць (ва ўсякім выпадку, раней так было) і ніколі не прасілі грошай у дзяржавы. Дык гэта ж таксама плюс для бюджэту.

- Навошта тады ціснуць на ІП?

- Уладзе патрэбныя грошы. Тыя ж кантрольныя органы ўжо не ведаюць, адкуль іх браць, у іх, мабыць, таксама ёсць даведзеныя планы. Вось і прыдумляюць нейкія новыя парушэнні. Дайшло да таго, што транспартнікі спыняюць аўтамабілі і даюць штрафы за тое, што кагосьці падвёз, а той аддзячыў. Гэта ўсё памылкова, нельга так рабіць. Бо некаторыя церпяць, а некаторыя ад роспачы наважваюцца развітацца нават з жыццём.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках