3 траўня 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антоніё Лопэс-Істурыз Уайт: Беларусь павінна пайсці еўрапейскім шляхам

6
Антоніё Лопэс-Істурыз Уайт: Беларусь павінна пайсці еўрапейскім шляхам
Антоніё Лопэс-Істурыз Уайт (у цэнтры)
ФОТА: "Радыё Свабода"

Еўрапарламентар папярэдзіў беларускія ўлады пра тое, што ў краіне не павінна быць палітвязняў.

Еўрапарламентар Антоніё Лопэс-Істурыз Уайт сустрэўся ў Менску з актывістамі руху «За Свабоду», БХД і АГП, якія будуць балатавацца на «выбарах» у «палату прадстаўнікоў».

У Менску 30 чэрвеня прайшла канферэнцыя «Кансерватыўныя вартасці ў сучаснай беларускай палітыцы». Імпрэза было арганізаваная правацэнтрысцкай кааліцыяй, куды ўваходзяць рух «За Свабоду», БХД, АГП, перадае «Радыё Свабода».

Асаблівасцю канферэнцыі стаў візіт генеральнага сакратара Еўрапейскай народнай партыі, еўрапарламентара ад Гішпаніі Антоніё Лопэса-Істурыза Уайта і міжнароднага сакратара Еўрапейскай народнай партыі Патрыка Волера.

Гэта першы візіт у Беларусь кіраўніцтва Еўрапейскай народнай партыі. Еўрапейская народная партыя - найбольшая партыя ў Еўрапарламенце. Стварылася ў 1976 годзе і стаяла ля вытокаў Еўрапейскай уніі. Грунтуецца на хрысціянска-дэмакратычных і кансерватыўных вартасцях.

Як адзначыў Антоніё Уайт, галоўная прычына цікавасці да Беларусі з боку еўрапейскіх палітыкаў - тое, што неўзабаве пройдуць парламенцкія "выбары", і яны будуць праходзіць у варунках зняцця еўрапейскіх санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў.

«Я тут не для таго, каб змагацца з кімсьці, а каб працаваць на карысць Беларусі. У Еўропе цяпер убіраецца ў сілу папулізм. Эканамічны крызіс, уцекачы, тэрарызм - усё гэта стварае ўрадлівую глебу для таго, каб папулізм квітнеў. Наша партыя змагаецца супраць папулізму. Глядзіце: цяпер большасць брытанцаў за тое, каб застацца ў Еўрапейскім звязе. Яны сталі ахвярамі папулістаў, які карысталіся фальшывымі звесткамі, каб схіліць электарат на свой бок. Цяпер людзі расплюшчваюць вочы», - сказаў генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі ў сваёй прамове.

Ён падкрэсліў, што Беларусь - надзвычай важная краіна як для Еўрапейскага Звязу, так і для Расеі:

«Беларусь вельмі важная краіна для Еўрасаюза і для Расеі. Беларусь - гэта Еўропа.

Мы хочам, каб Беларусь пайшла еўрапейскім шляхам развіцця. Але акупацыя Крыму - гэта прычына праблем і перасцярог у Еўропе. Таму цяпер надышоў час для Еўрапейскага Звязу і Беларусі, каб займець агульны падыход. Але не ўсякім коштам. Мы павінны палепшыцца, і нашы стасункі павінны палепшыцца. ЕЗ ужо зрабіў значны крок – скасаваў санкцыі і падвоіў фінансаванне праграм, накіраваных на Беларусь. Гэта вельмі шмат. У вас неўзабаве выбары. Некаторыя думаюць, што гэта дэжа-вю, што пасля выбарчай кампаніі мы атрымаем тое самае, што бывае пасля кожных выбараў у Беларусі. Але давайце ўсе разам працаваць, каб такога адчування не было пасля выбараў, каб нешта змянілася».

Еўрапарламентар адзначыў, што Еўропа будзе звяртаць вялікую ўвагу на тое, як пройдуць выбары ў «палату прадстаўнікоў» у Беларусі:

«Я не хачу, каб людзей запалохвалі за тое, што яны хочуць балатавацца, не хачу чуць пра палітычных зняволеных, пра тое, што дэмакратычныя прадстаўнікі не ўключаныя ў выбарчыя камісіі. Уся Еўропа не хоча гэтага. Але менавіта беларускія ўлады павінны зрабіць крокі ў гэтым кірунку. Я хачу, каб у людзей не было праблем».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках