2 траўня 2024, Чацвер, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: 11 сюрпрызаў, якія можа паднесці свету Крэмль

5
Deutsche Welle: 11 сюрпрызаў, якія можа паднесці свету Крэмль
Фото: РИА Новости

"Папярэджаны – значыць узброены": экспэрты бэрлінскага Фонду навукі і палітыкі (SWP) змадэлявалі верагодныя сцэнары антызаходняй палітыкі Пуціна.

Вонкавая палітыка Расеі непрадказальная. Таму ў Бэрліне змадэлявалі гіпатэтычныя сцэнары – ад прызначэння Кудрына прэм'ерам і кампаніі супраць ФРГ да ўварвання ў Казахстан.

Які наступны нечаканы знешнепалітычны ход зробіць Пуцін? У апошнія гады іх было нямала. «Анэксія Крыма, вайсковы ўдзел у сірыйскім канфлікце, імклівае пагаршэнне адносінаў з Турцыяй або нападкі на ўрад Нямеччыны шляхам інструменталізацыі "справы Лізы Ф." заспелі знянацку большасць заходніх экспэртаў і людзей, якія прымаюць пастановы», – канстатуюць супрацоўнікі бэрлінскага Фонду навукі і палітыкі (SWP ). Гэты навуковы інстытут кансультуе ў знешнепалітычных пытаннях парламент і ўрад Нямеччыны, а таксама ЕЗ, NATO і ААН, піша DW.

Сцэнары не выдуманыя, а дадуманыя

"Масква, падобна, тактычна выкарыстоўвае сваю непрадказальнасць для таго, каб у практычнай плоскасці перахопліваць ініцыятыву", – адзначаюць нямецкія экспэрты. Каб лепш падрыхтавацца да наступных сюрпрызаў Крамля, навукоўцы SWP звярнуліся да такога фармату, як гіпатэтычны сцэнар. Арганізавалі агульнаінстытуцкі "мазгавы штурм" (у фондзе працуюць каля 50 спецыялістаў), пазначылі тэарэтычна магчымыя павароты расейскай палітыкі, правялі два агульныя абмеркаванні прапанаваных тэмаў, прычым адно – з удзелам экспэртаў з боку, потым селі за працу.

У выніку атрымаўся апублікаваны ў сярэдзіне ліпеня зборнік артыкулаў 14 аўтараў пад загалоўкам "Магчымыя сюрпрызы. 11 напрамкаў, паводле якіх можа пайсці вонкавая палітыка Расеі".

Ва ўступным артыкуле ўкладальніцы зборніка Сабіна Фішэр і Маргарэт Кляйн падкрэсліваюць, што ён утрымоўвае не прагнозы, а апісанне экстрапаляваных у аглядную будучыню існых трэндаў: "Гаворка ідзе не пра тое, каб выдумаць сітуацыі, а пра тое, каб так дадумаць ужо наяўныя структуры і тэндэнцыі".

Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў: "ЕЗ", "Іншыя рэгіёны", "Інтэрнэт, энэргія і бяспека", "Еўразія". У першым раздзеле разглядаюцца два магчымыя сцэнары. У адным апісваецца, як Масква магла б паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Францыі вясной-летам 2017 года з тым, каб ультраправы Нацыянальны фронт стаў найбуйнейшай партыяй у парламенце, а ягоная лідарка Марын Ле Пен атрымала ад новаабранага прэзідэнта-рэспубліканца даручэнне сфармаваць урад. А ён праводзіў бы прарасейскі, еўраскептычны і антыамерыканскі курс.

Спробы паўплываць на выбары ў Францыі і Нямеччыне

"Масква мае магчымасць выкарыстоўваць шырокі арсенал інструментаў: ад фінансавай падтрымкі і эканамічнага ўплыву да палітычнай дыскрэдытацыі і мабілізацыі меншасцяў", – адзначаецца ў артыкуле. Да аналагічнай высновы прыходзіць і другі гіпатэтычны сцэнар, які апісвае ініцыяваную Крамлём шматгранную антынямецкую кампанію напярэдадні блізкіх выбараў восенню 2017 года, у бундэстаг.

Пры гэтым Масква робіць стаўку як на прапагандысцкае выкарыстанне тэмы бежанцаў, так і на раскручванне тэзіса пра тое, што ў Нямеччыне зноў падымае галаву фашызм. Немалаважная роля ў гэтым адводзіцца расейскім немцам і прапуцінскай партыі "Адзінства" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Рэмпеля.

Актыўна развіваюцца таксама кантакты з правапапулісцкай партыяй "Альтэрнатыва для Нямеччыны" (АдН). Як адзначаецца ў артыкуле, канчатковая мэта ўсіх меркаваных і падрабязна прапісаных намаганняў – дыскрэдытаваць канцлерку Ангелу Меркель і дамагчыся змены цяперашняга курсу ФРГ на больш прымальны для Крамля.

У наступным раздзеле разглядаюцца такія магчымыя сцэнары: Расея пагражае Сербіі зняць у ААН сваё эмбарга на прызнанне Косава, калі Бялград не спыніць збліжэнне з ЕЗ і NATO, дамаўляецца з Токіа пра Курылы і заключае з Японіяй мірную дамову ды выцясняе ЗША як ключавога партнёра Ірака. Потым апісваюцца такія гіпатэтычныя крокі, як стварэнне разам з Кітаем і Індыяй сеткі EurasiaNet, якая расколвае сусветны інтэрнэт на дзве часткі, выхад Расеі з Дамовы пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці ў адказ на разгортванне сістэмы ПРА ў Еўропе і адмена Масквой манаполіі "Газпрама" на экспарт газу.

Ліберальныя рэформы і нацыяналістычная знешняя палітыка

У раздзеле "Еўразія" экспэрты SWP разглядаюць магчымасць расейскага ўзброенага ўварвання ў Казахстан пасля смерці прэзідэнта Назарбаева і абрання новага, нацыяналістычна настроенага кіраўніка дзяржавы, прапісваюць схему магчымага аб'яднання Паўночнай і Паўднёвай Асеціі ў Рэспубліку Аланію ў складзе РФ і накідваюць сцэнар перафармавання ўрада Расеі пасля восеньскіх выбараў у Думу.

Пры гэтым аўтары артыкула зыходзяць са здагадкі, што ва ўмовах доўгага эканамічнага крызісу Уладзімір Пуцін у сваім штогадовым пасланні Федэральнаму сходу ў снежні 2016 года абвесціў пра перафармаванне ўрада і прызначэнне на пасаду прэм'ера Аляксея Кудрына.

Новы ўрад абвесціць "глыбокія эканамічныя рэформы" і выступіць за аднаўленне супрацоўніцтва з ЕЗ. Адначасова знешняя палітыка Расеі стане яшчэ больш нацыяналістычнай і жорсткай, уключаючы кампаніі дэзінфармацыі ў Францыі і Нямеччыне.

Такім чынам, ФРГ і Еўразвяз сутыкнуцца з неадназначнымі сігналамі з Масквы. У гэтай сітуацыі, падкрэсліваюць аўтары, неабходна будзе зразумець прычыну гэтых супярэчнасцяў. Што гэта: сведчанне канфлікту ў расейскай эліце наконт шляхоў будучага развіцця краіны – ці ўсяго толькі размеркаванне роляў паміж тэхнакратамі і сілавікамі, якія сышліся на тым, што трэба пераадольваць крызіс і міжнародную ізаляцыю, але нельга адмаўляцца ад гегемоніі на постсавецкай прасторы.

Такія ў памежна кароткім выкладзе тыя 11 знешнепалітычных сюрпрызаў, якія, на думку інстытута SWP, Расея ўжо ў найбліжэйшы час можа паднесці Нямеччыне, Еўропе і сусветнай супольнасці. Зрэшты, для бэрлінскіх навукоўцаў гэтыя змадэляваныя імі падзеі і тэндэнцыі ўжо не стануць нечаканасцю. Кожны артыкул зборніка заканчваецца досыць падрабязным апісаннем магчымых наступстваў для Нямеччыны і больш ці менш канкрэтнымі рэкамендацыямі яе ўраду.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках