1 траўня 2024, Серада, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскія святары знялі відэаролік «Магутны Божа» і выйшлі ў фінал конкурсу

Дыякан Пакроўскага сабора з Горадні разам з сябрамі стаў фіналістам відэаконкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі.

Маладыя святары падрыхтавалі на конкурс чытальнікаў беларускай паэзіі твор Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». 29 ліпеня ў Менску яны атрымаюць 30 кніг беларускай класікі - серыю выдавецтва «Папуры».

Напярэдадні ўручэння ўзнагароды «Свабода» пагутарыла з дыяканам Пакроўскага сабора з Горадні Дзмітрыем Паўлюкевічам.

- Нячаста даводзіцца быць сведкам таго, каб святары бралі ўдзел у свецкіх конкурсах, нават калі гэта тычыцца чытання паэзіі. Што вас падштурхнула да ўдзелу?

- Рашэнне было прынятае выпадкова. Проста чытаў стужку «Укантакце» і там наткнуўся на абвестку, што за прачытаныя вершы можна атрымаць цэлую серыю кніг беларускай класікі. Шчыра скажу, што гэта і стала галоўнай мэтай удзелу ў конкурсе: папоўніць нашу парафіяльную бібліятэку.

- А верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» - таксама быў выпадковы выбар?

- Што тычыцца верша, то мы яго нават не выбіралі, гэта было зразумела без абмеркавання, бо ён у кожным з нас. Думаю, што ўсе з духавенства на Гарадзеншчыне ведаюць яго, і падчас нашага фэсту «Калоскі благавест» мы заўсёды спяваем «Магутны Божа». Асабіста я лічу гэты твор Натальлі Арсеньневай гімнам Гарадзенскай дыяцэзіі.

- Што тычыцца вашага выканання, то ўразіла не толькі чытанне верша, спевы вашых сяброў, але і прафесійна зняты відэаролік, які набыў вялікую папулярнасць у інтэрнэце. У вас быў досвед мастацкага чытання вершаў?

- На самай справе гэта не толькі наша перамога, некаторыя людзі нам усё ж дапамагалі. Нагадаю, што мы вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе мэтанакіравана, каб заслужыць кнігі, прывезці іх у нашу бібліятэку, каб прыхаджане маглі іх чытаць.

Мы звярнуліся па дапамогу да прафесійных актораў з Тэатра лялек, і нам дапамагалі Таццяна Еўтух і Аляксандра Літвінёнак. Павінен прызнацца, што часу з намі яны вытаткавалі шмат, каб дамагчыся таго, што ўрэшце атрымалася на відэа. Хоць напачатку нам здавалася, што тут няма нічога складанага, маўляў, зараз прыедзем да Каложы, паспяваем, пагаворым, здымем на мабільны тэлефон, і ўсё. А заняўшыся гэтай справай з самай раніцы, адсылалі відэаролік толькі ўначы.

- Затое сатысфакцыя напэўна не прымусіла сябе доўга чакаць, бо ў інтэрнэце ролік карыстаўся вялікай папулярнасцю, пісалі шмат цёплых слоў для вас...

- Так, мы імгненна адчулі стаўленне да нашага твору ў інтэрнэце. Але павінен сказаць, што найбольшую падзяку пачуў нават у самых аддаленых нашых парафіях, калі і святары, і вернікі нават у маленькіх вёсачках, убачыўшы наш відэаролік, дзякавалі, што мы выканалі гэты гімн на беларускай мове. Гэта было вельмі прыемна.

- Вы сказалі, што мэта была - заслужыць кнігі і прывезці іх у парафіяльную бібліятэку. У вашай бібліятэцы не стае беларускіх кніг?

- Справа ў тым, што ў нас дастаткова кніг, звязаных з хрысціянскай тэматыкай. А што тычыцца класічнай літаратуры, ці то беларускай, ці то расейскай, то іх не так ужо і шмат. Бібліятэка набывае новыя кнігі, але гэта не так ужо і часта бывае. І, як правіла, гэта робіцца за сродкі прыхаджан.

- Вы адчуваеце, што ў кнігах ёсць патрэба?

- Так. Мы часта праводзім літаратурныя вечары, і я бачу, колькі людзей іх наведвае - іх шмат. Людзі на самай справе цікавяцца, і было б добра, каб яны маглі ў нас знайсці кнігі беларускіх і іншых аўтараў.

- А вы самі што любіце чытаць?

- Апошнім часам мяне прыцягваюць нашы мясцовыя гарадзенскія пісьменнікі. Чытаў зараз Элізу Ажэшку, вельмі падабаецца Адама Міцкевіча, з задавальненнем перачытваю Віктара Саяпіна, нашага гарадзенскага гісторыка і даследчыка.

А моў улюбёны беларускі твор - беларуская народная казка «Лёгкі хлеб». Я дагэтуль памятаю, як у школе яе чытала нам настаўніца. Памятаю, як я ўжо тады адчуваў смак гэтага чорнага звычайнага хлеба. І пазней я зразумеў, што гэта было менавіта ад сакавітасці нашай мовы, і гэта сакавітасць перадавалася як нешта вельмі натуральнае. Я перачытваў гэтую казку шмат разоў і вельмі любіў, калі яе чытала нам настаўніца.

Беларускі партал tut.by і выдавецтва «Папуры» атрымалі на конкурс звыш 100 відэаролікаў і вызначылі пяцёрку пераможцаў. Гарадзенскія святары таксама апынуліся ў ліку фіналістаў і 29 ліпеня ў Менску атрымаюць прыз з 30 беларускіх кніг. Акрамя дыякана Пакроўскай царквы, у відэароліку зняліся святары Аляксандр і Віктар Калацкія, а таксама Антон Федасееў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках