1 траўня 2024, Серада, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніна Багінская: Я не падпарадкуюся гэтым законам і гэтай уладзе

14
Ніна Багінская: Я не падпарадкуюся гэтым законам і гэтай уладзе
Ніна Багінская
ФОТА: «Радыё Свабода»

Пенсіянерка не збіраецца так проста аддаваць дзяржаве арыштаванае за кошт штрафаў лецішча.

29 ліпеня актывістка Ніна Багінская павінна была вызваліць арыштаванае раней лецішча ў Смалявіцкім раёне. Зямельны ўчастак разам з жылой і гаспадарчай забудовай выстаўлены на продаж за 10000 рублёў.

Ліст «Аб вызваленні памяшкання» Ніна Багінская атрымала з аддзела прымусовага выканання Смалявіцкага раёна.

Пенсіянерка паведаміла «Радыё Свабода», што не збіраецца гэтага рабіць і ўжо даслала ў аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёна Менска апратэставанне:

«Я павінна была вызваліць ад рэчаў памяшканне - дом і хлеў, якія знаходзяцца на лецішчы садовага таварыства «Геолаг» у Смалявіцкім раёне. Але пры дапамозе юрыстаў я апратэставала пастанову. Я не падпарадкуюся гэтым законам і гэтай уладзе, якую лічу нелегітымнай і антынароднай».

За вулічныя акцыі, у якіх Ніна Багінская ўдзельнічала з пачатку года, ёй прысуджаны штраф агулам 7000 дэнамінаваных рублёў. Прычым з пенсіі, якая складае блізу 250 рублёў, улады штомесяц забіраюць 50 рублёў - у кошт спагнання штрафаў.

«Улады ўжо вывезлі ў кошт выплаты штрафаў пральную машыну і мікрахвалёўку, якія знаходзіліся ў кватэры, дзе я прапісаная. Але праз суд удалося давесці, што тэхніка належыць маім дзецям, таму яе павінны вярнуць. Цяпер узяліся за зямельныя надзелы», - кажа Ніна Багінская.

Жанчына валодае двума лецішчамі. Першае ўжо апісанае і выстаўленая на продаж за 10000 рублёў - у Смалявіцкім раёне, другое пакуль толькі арыштаванае - у Пухавіцкім раёне.

Нягледзячы на тое, што лецішчы арыштаваныя, Ніна Багінская часта ездзіць туды, каб даглядаць за гародам і дрэвамі:

«Я не падпарадкоўваюся гэтай уладзе і не прызнаю законнымі яе дзеянні. Таму працягваю даглядаць ўчасткі, гадую яблыкі. Нават калі ўлада павесіць там свае замкі, закрыюць мне дзверы, я буду туды прыязджаць і збіраць свае ягады, грушы і яблыкі. Я не баюся гэтай улады і заклікаю іншых не баяцца. Трэба не плаціць, не падпарадкоўвацца, не выконваць, не працаваць на гэтую ўладу. Разумею, што мяне могуць пасадзіць у псіхушку, як гэта здарылася з Славамірам Адамовічам і Алесяй Садоўскай. Але мне не страшна. Гэта ўлады нас баяцца. У мяне ваяўнічы настрой. Чым больш ціснуць, тым больш энтузіязму супрацьстаяць».

Ніна Багінская нарадзілася ў 1946 годзе. Яна пастаянны ўдзельнік вулічных акцый у Менску, на якія заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках