19 сакавiка 2024, aўторак, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Спецслужбы працуюць супраць Лукашэнкі

73
Наталля Радзіна: Спецслужбы працуюць супраць Лукашэнкі

Што стаіць за запрашэннямі на праграму да Уладзіміра Салаўёва?

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» распавяла галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна.

– Станіслаў Шушкевіч, Арсеній Сівіцкі, Аляксандр Зімоўскі і вы атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у праграме Уладзіміра Салаўёва на тэлеканале «Россия» і паразважаць на тэму, хто заменіць Аляксандра Лукашэнку і што чакае Беларусь. Вы адмовіліся ехаць у Маскву. Салаўёў, аднак, зняпраўдзіў інфармацыю аб тым, што такая праграма рыхтуецца да эфіру. Хто стаіць за гэтымі лістамі?

– Ідзе працэс адхілення Лукашэнкі ад улады Расеяй. І ўсе падзеі апошніх месяцаў гэта даводзяць. Гэты ліст цалкам упісваецца ў агульную карціну таго, што адбываецца. У канцы лістапада Лукашэнка з'ездзіў да Пуціна ў Маскву, пасля гэтага Расея стала рэзка скарачаць датацыі беларускаму рэжыму. Рэзка скараціліся пастаўкі нафты ў Беларусь – з 24-25 мільёнаў да 18 мільёнаў тон, гэта больш, чым на 20%. Доўжыцца газавы канфлікт. Пастаянна блакуюцца пастаўкі беларускай і рээкспартаванай з Еўропы прадукцыі на мяжы з Расеяй.

– Апошнім разам Лукашэнка не паехаў у Расею...

– Так, Лукашэнка не паехаў на саміт у Пецярбург. І ў той жа час у Менску мы сёння назіраем кадравыя «чысткі», перастаноўкі, арышты прарасейскіх журналістаў, «байцоў» гібрыднай вайны.

Усё гэта сёння сведчыць, што Лукашэнка сёння баіцца перавароту, і, магчыма, ён не паехаў у Піцер для таго, каб яго прадухіліць.

– Атрымліваецца, што з аднаго боку, мы гаворым пра фэйкавыя лісты. З іншага, яны могуць быць не фэйкавыя, і гэта падрыхтоўка – будзем называць рэчы сваімі імёнамі – анэксіі Беларусі?

– Гэта могуць быць гульні спецслужбаў Расеі і Беларусі супраць Лукашэнкі. Ён сёння банкрут, і, паўтаруся, ідзе працэс адхілення яго ад улады.

Што тычыцца таго, ці выйдзе гэтая перадача ці не – я, на самай справе, дагэтуль не зразумела. Я паглядзела, што напісаў Уладзімір Салаўёў у сваім твітэры. Ён не зняпраўдзіў, што гэтай праграмы не будзе. Ён напісаў: «Якую хлусню пішуць», і паставіў спасылку на «Нашу Ніву», дзе было напісана, што інфармацыя аб гэтай праграме – фэйк. Гэта значыць, хлусня – фэйк? Ці хлусня – перадача? Яснага адказу ён не даў.

– Беларускае пытанне гучыць на расейскіх дзяржаўных каналах не першым разам, асабліва апошнім часам. І гэта таксама не выпадкова. Чаму расейскія ўлады, расейская прапаганда так актыўна занялася гэтым цяпер – Лукашэнка такі слабы або такі невыгодны?

– Лукашэнка слабы і Лукашэнка невыгодны. Ён не ў стане сёння ўтрымаць пад кантролем сітуацыю ў краіне. Таму што эканамічны крызіс разросся да неймаверных маштабаў. З дня на дзень у Беларусі можа быць абвешчаны дэфолт – пра гэта сёння кажуць абсалютна ўсе эканамісты, у тым ліку праўладныя. Аб гэтым сёння б'юць у званы чыноўнікі і таксама дарадцы самога Лукашэнкі. У гэтай сітуацыі марыянетка, якую яны пасадзілі больш за дваццаць два гады назад на трон у Беларусі, цяпер не ў стане ўтрымаць сітуацыю, і ў любы момант рэжым Лукашэнкі можа абрынуцца. Таму яны паспрабуюць яго хутка замяніць на падкантрольную фігуру.

– Але ёсць такое меркаванне, цяпер пра гэта можна вельмі часта прачытаць у некаторых артыкулах у інтэрнэце, што раптам Лукашэнка становіцца нейкім гарантам незалежнасці Беларусі...

– Ён не быў і не можа быць гарантам незалежнасці сёння, бо за гэтыя 20 гадоў ён паставіў Беларусь у поўную залежнасць ад Расеі: палітычную, эканамічную і вайсковую. І ўся яго ўлада сёння абсалютна залежыць ад Крамля. Мы бачым, што на галоўных пасадах у краіне сёння знаходзяцца прарасейскія чыноўнікі.

Нагадаю каго ён зараз пачаў здымаць, я думаю, што гэта адбылося ад таго, што яму паклалі на стол спіс расейскай рэзідэнтуры. Лукашэнка зняў кіраўніка сваёй адміністрацыі, намесніка кіраўніка адміністрацыі, намесніка начальніка Генеральнага штаба, намесніка міністра ўнутраных спраў і начальніка службы ўласнай бяспекі. Адбываюцца арышты дырэктараў, банкіраў, прарасейскіх «журналістаў».

І гэта толькі тое, аб чым мы ведаем, аб чым паведаміла прэс-служба КДБ. У рэальнасці арышты могуць быць больш масавымі. Адбываецца ўсё гэта не проста так, я думаю, Лукашэнка выдатна разумее, што яго ўлада – пад велізарнай пагрозай.

– Ці не атрымліваецца, што і ў дэмакратычнай супольнасці, і ў Лукашэнкі, а таксама ў нас, незалежных журналістаў, цяпер адзіны вораг – «расейскі свет»?

– Вораг, можа, і адзін, але ў Лукашэнкі ёсць другі вораг – дэмакратычны свет.

– Лукашэнка не аб'яднаецца з дэмакратычным светам супраць гэтага ворага?

– Я бы гэта вітала. Але ў такім выпадку ён страціць уладу – і ён выдатна пра гэта ведае. Як сказаў палітолаг Андрэй Паротнікаў: гэтыя ўлады ніколі не пойдуць насустрач Еўропе таму, што яны не разумеюць і не прымаюць заходнія каштоўнасці.

– А тое, што Лукашэнка зараз робіць з Брусэлем і іншымі еўрапейскімі сталіцамі?

– Мы ж бачым, што гэта ўсё гэта застаецца на ўзроўні размоў. На самай справе Лукашэнка ніякіх рэальных крокаў, якія ад яго патрабуе Еўразвяз, не робіць. Таму што галоўнае патрабаванне Еўропы – гэта правядзенне сумленных і свабодных выбараў.

– Але ў Еўразвязе робяцца канкрэтныя крокі: фінансаванне незалежных СМІ ў Беларусі можа быць скарочана.

– Гэта вялікая памылка: у гэтай сітуацыі трэба, наадварот, узмацняць падтрымку дэмакратычнай апазіцыі, незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, бо Захад зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была не пад расейскім пратэктаратам, якім яна з'яўляецца пад кіраваннем Лукашэнкі ці будзе з'яўляцца пад кіраваннем іншага прарасейскага кіраўніка, калі ён будзе пастаўлены. Бяспека Еўразвязу будзе гарантаваная толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі будзе новая дэмакратычная ўлада. Для гэтага неабходная падтрымка дэмакратычнай апазіцыі.

– Калі не «Белсат», не «Хартыя'97», не «Наша Ніва», радыё «Рацыя», то хто – Уладзімір Салаўёў?

– Расейскія медыя, натуральна. Мы сёння ўжо бачым наколькі яны апанавалі ўсю інфармацыйную прастору ў Беларусі. Тое, што сёння робім мы, незалежныя медыя, – «Белсат», «Хартыя'97», «Рацыя», «Еўрарадыё» – надзвычай важна, бо мы супрацьстаім не толькі беларускай дыктатуры – мы супрацьстаім расейскаму міру і рэжыму Пуціна. У гэтай сітуацыі пазбаўляць незалежныя медыя падтрымкі – гэта, вядома, памылкова.

– У гэтай сітуацыі можна назіраць, што «расейскі свет» наступае па ўсіх франтах. Гэта і медыйная прапаганда, вельмі моцная, але таксама, апошнім часам Расейская праваслаўная царква актывізавала сваю дзейнасць у Беларусі.

– Так, мы пастаянна атрымліваем інфармацыю аб тым, што Расейскай праваслаўнай царквой ствараюцца фактычна ваенізаваныя групоўкі і рыхтуюцца баевікі. Я паглядзела спісы святароў РПЦ у Беларусі – гэта ў большасці сваёй былыя супрацоўнікі спецслужбаў, вайскоўцы, мытнікі, памежнікі – гэта значыць, у прынцыпе, яны таксама могуць быць рэзідэнтурай.

– Вядомыя факты, калі высылалі беларускіх дзяцей у лагеры, дзе фактычна тэрарысты так званых «ЛНР» і «ДНР» іх навучалі.

- Дакладна. Вось гэтым павінны займацца беларускія спецслужбы, а не пераследам апазіцыі. Калі яны сапраўды патрыёты, калі Лукашэнка сёння спрабуе супрацьстаяць «расейскаму свету», няхай ён зоймецца РПЦ, казакамі і іншымі прарасейскімі групоўкамі, якія сёння паўсюдна ўзнікаюць у Беларусі. У гэтым сёння праблема. Але ён, аднак, на сустрэчы з польскімі чыноўнікамі крытыкуе тэлеканал «Белсат» ды іншыя незалежныя медыі.

– Ці не атрымліваецца, што Лукашэнка сёння апынуўся ў сітуацыі, калі яму няма куды ісці? З аднаго боку, ідзеш да дэмакратаў – і гэта твой апошні дзень, з іншай – да «расейскага свету», і гэта таксама – апошні дзень?

– Ён сам сябе загнаў у гэты кут – сітуацыя патавая. Я ўпэўненая, што ў рэжыму Лукашэнкі наогул няма будучыні, і я думаю, што 2017-ы год можа быць для яго апошнім. Дыктатар уласнымі рукамі стварыў сітуацыю, з якой для яго няма выйсця.

– Вяртаючыся да праграм, якія з'яўляюцца ў расейскай прапаганды. Некаторыя вядомыя беларусы ўжо ездзілі і потым вельмі шкадавалі аб гэтым. Вы таксама пагадзіліся ўдзельнічаць у такой праграме праз скайп. Дык вось – удзельнічаць ці не ўдзельнічаць?

– У Расею, безумоўна, я не паеду, бо гэта сёння небяспечна. У Маскве арыштоўваюць лідараў беларускай апазіцыі, мы ведаем, што адбылося з лідарам беларускіх анархістаў Ігарам Аліневічам, з блогерам Эдуардам Пальчысам. Безумоўна, ездзіць туды нельга. Але самае галоўнае сёння – даносіць інфармацыю. Калі б такая магчымасць была, можа быць, я б выступіла. Хоць, вядома, узровень дыскусіі на расейскіх тэлеканалах сёння ніжэй за плінтус.

Але справа не ў гэтым, а галоўнае тое, што адбываецца з боку Расеі: ідзе сапраўды гібрыдная вайна, якая, думаю, будзе працягвацца.

– І супраць Беларусі таксама. Беларусы ўвесь час кажуць, што гэта «нашы браты», што «з Украінай не атрымалася — ваююць, ёсць канфлікт», але «нас гэта не датычыцца».

– Не, нас гэта тычыцца і нас гэта закране, безумоўна. І сёння як раз самы час для беларусаў абараняць незалежнасць сваёй краіны і, нарэшце, уключыцца ў сітуацыю, таму што будучыня Беларусі залежыць не ад Лукашэнкі, будучыня Беларусі залежыць не ад Пуціна, яна залежыць толькі ад нас. І мы павінны дамагчыся, каб у краіне прайшлі сумленныя і свабодныя выбары, каб мы выбралі свабодную дэмакратычную ўладу і вярнуліся ў Еўропу, у якой мы жылі шмат стагоддзяў.

– Ці магчыма ісці ў гэтым кірунку мірным шляхам? Ці добры Лукашэнка настолькі, каб сказаць: давайце зробім свабодныя выбары?

– Магчымыя розныя сітуацыі, у тым ліку, магчымыя і не самыя мірныя – трэба быць гатовымі да ўсяго. Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце, у нашым рэгіёне, але, паўтаруся, прыйшоў час вырашаць лёс сваёй краіны. Не атрымаецца сёння адседзецца, як сказаў Мікалай Статкевіч, кожнаму ў сваёй каюце ў караблі, які ідзе на дно. Наш час цяпер будаваць сваю краіну – толькі ад нас залежыць наша будучыня і будучыня нашых дзяцей.

– Прыйшло смс-паведамленне, у працяг нашай гутаркі, на конт таго, што Лукашэнка прызначае, здымае з пасадаў: «Хай ён здымае і прызначае каго хоча, але канец ужо набліжаецца». Піша нам Анатоль з Гомелю.

– Я абсалютна згодная.

– Думаю, што кадравыя рашэнні Лукашэнкі ні якім чынам не дапамогуць.

– Не дапамогуць. Зразумела, што сёння ён баіцца наменклатурнага перавароту, бо сёння ім не задаволеныя, у тым ліку і чыноўнікі, якія гатовыя пазбавіцца ад яго ў любы момант.

– Ці фэйкавыя гэтыя лісты – гэта яшчэ пытанне, таму што сітуацыя можа быць зусім не фэйкавая. Дзякуй вам за гутарку.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках