Мінчаніну налічылі амаль 100 рублёў за дзве гадзіны паркоўкі
3- 3,864
Чаму гэта не памылка і што ён зрабіў не так?
Мінчанін Ілля пакінуў машыну на платнай паркоўцы, а калі вярнуўся праз гадзіну, знайшоў пад дварніком паведамленне з патрабаваннем аплаціць 2 рублі. Плаціць адразу ён не стаў — планаваў яшчэ раз прыпаркавацца і закрыць абодва выпадкі пазней адным плацяжом. Аднак праз некалькі дзён, калі нарэшце вырашыў разлічыцца, замест невялікай сумы ўбачыў рахунак на 94 рублі. Сітуацыю патлумачыў генеральны дырэктар ГО «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыряноў, піша «Зеркало».
Паводле слоў Андрэя Зырянова, ніякай памылкі ў налічэннях няма. У Мінску за кожную неаплачаную паркоўку аўтаматычна спаганяецца павышаны плацёж — адна базавая велічыня, цяпер гэта 45 рублёў. Гэтая норма замацавана рашэннем Мінгарвыканкама.
— Вадзіцель двойчы не аплаціў паркоўку, таму двойчы настаў выпадак павышанай аплаты плюс устаноўленая плата за паркоўку ў памеры двух рублёў, — патлумачыў спецыяліст.
Сістэма платных парковак працуе па прынцыпе перадплаты. Пры гэтым прадугледжана 15 бясплатных хвілін — за гэты час вадзіцель можа вызначыцца, колькі будзе стаяць, або паспець па справах. Аплаціць паркоўку можна рознымі спосабамі: праз ЕРІП, SMS, USSD-запыт або спецыяльныя сэрвісы, указаўшы нумар зоны і код паркоўкі з інфармацыйнага стэнда.
Павышаны тарыф прымяняецца адразу пасля фіксацыі неаплаты. Нават калі вадзіцель успомніў пра аплату праз некалькі хвілін, пазбегнуць налічэння ўжо нельга. Акрамя таго, паркоўка тарыфікуецца па гадзінах: нават невялікае перавышэнне, напрыклад, на адну хвіліну, залічваецца як поўная наступная гадзіна.
На ўсіх платных паркоўках размешчаны стэнды з ключавой інфармацыяй — коштам, часам працы (цяпер да 18.00), умовамі аплаты і напамінам пра бясплатныя 15 хвілін.
Плануецца, што ў бліжэйшы час на гарадскія вуліцы выйдзе спецыяльная машына для фіксацыі дзяржаўных нумароў аўтамабіляў, якія займаюць платныя паркавальныя месцы, і праверкі іх аплаты.