Еўракамісія занепакоеная ўмацаваннем еўра
- 1.10.2007, 15:26
Еўрапейская камісія зноў выказала турботу з нагоды ўмацавання еўра, якое паднімалася на пачатку таргоў у панядзелак да новых максімумаў па дачыненні да даляра.
Нядаўнія заўвагі камісара Еўразвяза па эканамічнай і грашова-крэдытнай палітыцы Хаакіна Альмуніі, які выказаў турботу з нагоды хуткага росту еўра да даляра, дапасуюцца з заявамі "Вялікай сямёркі" (G7) аб валютных курсах, сказала прадстаўніца Еўракамісіі Амелія Торэс, паведамляе АФН
"Калі вы прачытаеце рэгулярныя дэкларацыі, якія G7 выпускае з 2003 года, то ўспомніце: яны падкрэсліваюць, што залішняя валацільнасць валютных курсаў непажаданая, гэта і ёсць кантэкст... і я думаю, што падзеі апошніх некалькіх дзён павінны разглядацца на гэтым фоне", – сказала Торэс.
"Менавіта на фоне гэтага камісар сказаў, што занепакоены наяўным ростам курсу еўра".
Торэс таксама адзначыла, што ўмацаванне еўра можа мець шэраг пазітыўных эфектаў для еўразоны, у прыватнасці, кампенсаваць высокія цэны на нафту, якія ўсталёўваюцца ў далярах.