25 снежня 2024, Серада, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Плошчу» Хашчавацкага ўбачаць нават у Паўднёвай Карэі

«Плошчу» Хашчавацкага ўбачаць нават у Паўднёвай Карэі

Фільм Юрыя Хашчавацкага «Плошча» пакажуць па адным з тэлеканалаў у Паўднёвай Карэі. Кінастужка распавядае пра падзеі ў Менску ў сакавіку 2006 года, калі 40 тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць на вуліцы супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Гэтымі днямі Юрый Хашчавацкі вярнуўся з Берліна, дзе прадставіў «Плошчу» на суд нямецкай публікі.

– Фільм прайшоў на «ўра». На мой погляд, гледачы на ўсе 100% успрынялі карціну, – дзеліцца ўражаннямі з “Салідарностью” Юры Хашчавацкі. – Сабраліся журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы. Авацыі не суціхалі.

Як распавёў рэжысёр, «Плошчу» ўжо паспелі паглядзець у Вене, Лондане, і Вашынгтоне. З сваім стварэннем Юры Хашчавацкі пабываў таксама ў Таліне – цяпер, апроч расейскай, беларускай і ангельскай, ёсць і эстонская версія фільма.

– Але, пэўна, самай нечаканай краінай, дзе па ТБ пакажуць гэты фільм, можна лічыць Англію, – адзначае рэжысёр. – Справа ў тым, што канал ВПС выдатна робіць сваё дакументальнае кіно, і цяжка ўзгадаць выпадак, калі яны куплялі нечае чужое. Але для «Плошчы» зрабілі выключэнне. Характэрна, што прадстаўнік ВПС паглядзеў гэтае кіно як раз у Таліне. Прычым ён прыйшоў у кіназалу з перакладчыкам, які з эстонскай мовы перакладаў яму на ангельскую. Але, відаць, добра перакладаў, бо ангелец рагатаў разам з усёй залай, і нават гучней за ўсіх. Пазней мы ўручылі яму і ангельскую версію фільма.

Па словах Хашчавацкага, цяпер ужо канчаюцца перамовы з тэлеканалам у Паўднёвай Карэі. Карэйцы выказалі жывы інтарэс да фільма, і ўжо неўзабаве «Плошча» павінна з'явіцца на мясцовым тэлеканале.

– Ці чакаў я, што гэты фільм будзе мець такі поспех? – разважае рэжысёр. – Калі я працаваў над ім, я пра гэта нават не задумваўся. Гэты фільм я рабіў для хлопцаў і дзяўчат, якія прыйшлі на Плошчу. Я хацеў іх падтрымаць, сказаць ім, што яны вялікія малайчыны. Мне здаецца, што яны гэта адчулі. І права на гэты фільм у іх не менш, чым у мяне.

Пацверджаннем таму з'яўляецца і той факт, што фільм неаднаразова ўдзельнічаў у розных фэстах, прычым часта нават без ведама яго аўтара. Так нядаўна здарылася і ў Львове на вулічным фэсце «Кіналеў-2007».

– Хтосьці (я нават не ведаю хто) прывёз туды гэтую карціну, – распавядае Хашчавацкі. – Прычым праграма фэсту была ўжо звярстаная, і фільм вырашылі паказаць па-за конкурсам. Але ён сабраў такую колькасць гледачоў, што ў выніку атрымаў «Залатога льва».

У канцы кастрычніка «Плошча» будзе паказаная ў рамках фэсту аўтарскага дакументальнага фільма ў Йіглаве (Чэхія), у лістападзе – у Амстэрдаме, у праграме фільмаў-пераможцаў, пасля фільм адправіцца ў Францыю, Нямеччыну, Амерыку.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках