23 снежня 2024, панядзелак, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януш Анышкевіч: «Беларусы змагаюцца за годнае месца ў Эўропе»

Не ўпускаючы на сваю тэрыторыю асобу, якая карыстаецца дыпляматычным пашпартам, Беларусь парушыла міжнароднае пагадненьне, - лічыць віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч. У нядзелю па дарозе ў Менск, куды ён накіроўваўся дзеля ўдзелу ў Эўрапейскім Маршы, на польска – беларускай мяжы беларускія памежнікі высадзілі яго з цягніка. Маўляў, яны ня супраць уезду палітыка на тэрыторыю Беларусі, але атрымалі загад “зьверху”.

Прапануем вашай увазе інтэрвію, якое Януш Анышкевіч даў «Польскаму радыё» пасьля няўдалага падарожжа.

-- Падчас традыцыйнай працэдуры, якой зьяўляецца пашпартны кантроль, памежнікі ўва ўсіх сабралі пашпарты. Калі цягнік уехаў у памяшканьне, дзе адбываецца зьмена колаў з вузкіх на шырокія, да мяне падыйшоў функцыянэр беларускай памежнай службы й сказаў, каб я забраў свае рэчы й прайшоў за ім, бо я не магу ўехаць на тэрыторыю Беларусі. У адказ на маё пытаньне, чаму так адбываецца, я пачуў, што ён ня можа нічога мне сказаць, і папрасіў мяне выйсьці. Мы прайшлі ў будынак чыгуначнага вакзалу ў Берасьці, там мне прыйшлося крыху пачакаць. Пасьля чаго мяне пасадзілі ў службовую машыну й завезьлі на памежных пераход. На маё чарговае пытаньне, што здарылася, і ці яны атрымалі загад не ўпускаць іншаземцаў, я чарговы раз пачуў, што яны не ўпаўнаважаныя адказваць на мае пытаньні. У мой пашпарт яны паставілі штамп з забаронай уезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. На памежным пераходзе яны знайшлі беларускага кіроўцу, які ехаў у Польшчу й падсадзілі мяне ў ягоную машыну, каб ён перавёз мяне праз мяжу. Гэты чалавек завёз мяне на вакзал у Тарэспалі.

-- Да гэтае пары Вас не было ў гэтак званым “чорным сьпісе” неўяздных асобаў?

-- Адносна гэтай справы ў мяне паяўляюцца два пытаньні. Па- першае, ці забарона на ўезд - гэта пастаянная забарона, ці часовая. Калі часовая, то на які час. Хачу зазначыць, што аднойчы мяне ўжо папярэдзілі, што мой візыт у Беларусі непажаданы. Але такога штампу я ня меў, меў нешта іншае. Па-другое, паміж Польшчай і Беларусьсю існуе пагадненьне, якое прадугледжвае, што асобы, якія маюць дыппашпарт, а я маю дыппашпарт, маюць права ўезду на тэрыторыю Беларусі бяз візы. Забараніць уезд такой асобе можна толькі ў выпадку, калі на тэрыторыі Беларусі паявіцца надзвычайная сытуацыя, нейкая аварыя ці экалягічная катастрофа, у выніку якой жыцьцё й здароўе іншаземцаў можа аказацца пад пагрозай. Нічога падобнага ў Беларусі не адбывалася. Такім чынам, я лічу, што неўпушчэньне мяне зьяўляецца парушэньнем гэтага пагадненьня.

-- Вы ня мелі магчымасьці прыняць удзел у Эўрапейскім маршы, які адбываўся ў Менску. Тым ня менш, далучыліся да маршу салідарнасьці, які прайшоў у Варшаве.

-- Далучыўшыся да варшаўскага маршу, падчас маёй прамовы я з перакорлівасьцю зазначыў, што мне вельмі сумна, што я знаходжуся разам з вамі ў Варшаве, бо я павінен быць у Менску. Але мяне пазбавілі такой магчымасьці. І таму, прынамсі тут, сваёй прысутнасьцю я выказваю падтрымку падзеям, якія адбываюцца ў Менску. А таксама эўрапейскім імкненьням беларусам, якія змагаюцца ня толькі за годнае месца для Беларусі ў Эўропе, але й за дэмакратыю ў сваёй краіне.

-- Менская акцыя прайшла спакойна, без затрыманьняў. Магчыма, што гэта першы крок з боку ўладаў, скіраваны ў бок Эўразьвязу?

-- Сапраўды, дэманстрацыя прайшла спакойна, і я лічу гэта добрым знакам. Я памятаю папярэднюю дэманстрацыю, якая таксама была даволі спакойнай. Паяўляецца цень надзеі, што, можа, пачнуцца перамены на лепшае. Але, на дадзены момант, гэта толькі цень надзеі й нічога больш. Трэба пачакаць. Сапраўдным сігналам з боку беларускіх уладаў можа быць вызваленьне палітзьняволеных і зьмякчэньне палітыкі, у выніку якой дэлегалізуецца дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб`яднаньняў. Гэта даволі кур`ёзная палітыка, бо ў сусьветнай практыцы прынята, што калі партыя не выступае супраць Канстытуцыі, нельга яе дэлегалізаваць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках