17 студзеня 2026, Субота, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія габрэі адрэагавалі на антысеміцкія выказванні Лукашэнкі

Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і суполак выказаў "здзіўленне і турботу" з нагоды "сцвярджэнняў, якія негатыўна характарызуюць лад жыцця габрэйскага насельніцтва беларускіх і ізраільскіх гарадоў", якія прагучалі "на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў, што адбылася ў Менску 12 кастрычніка".

У прэс-рэлізе, распаўсюджаным 24 кастрычніка Саветам саюза, у прыватнасці, адзначаецца: "Наша турбота выкліканая найперш тым, што неасцярожнае выказванне можа заахвоціць да непрадказальных выхадак на бытавым узроўні тых, хто з'яўляецца носьбітам тлятворнай бацылы антысемітызму". Аўтары прэс-рэлізу паведамляюць, што "такія выпадкі сустракаюцца і сёння: вандалізм на могілках і апаганенне месцаў масавага пахавання габрэяў і людзей іншых нацыянальнасцяў, свабодны продаж у шапіках "Белсаюздруку" расейскай газеты шавіністычнай скіраванасці "Русский вестник", распаўсюджванне "твораў" пісьменніка Эдуарда Скобелева, якія абражаюць нацыянальную годнасць габрэяў".

У прэс-рэлізе гаворыцца, што "Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і суполак адкрыты для дыялогу з усімі зацікаўленымі арганізацыямі па пытаннях міжнацыянальных стасункаў", піша БелаПАН.

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі". Разам з тым прэзідэнт адзначыў, што габрэі, якія жывуць за мяжой, "інвеставалі мільёнаў 60 у эканоміку Беларусі", і запрасіў іх вяртацца ў краіну.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках