25 снежня 2024, Серада, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багданкевіч: Пракаповіч няправільна дакладае Лукашэнку

3

Сёння старшыня праўлення Нацбанку Беларусі Пётр Пракаповіч чарговым разам запэўніў А.Лукашэнку ў тым, што банкаўская сістэма краіны нараўне з эканомікай за 9 месяцаў 2007 года спрацавала цалкам паспяхова, выканаўшы ўсе запланаваныя паказчыкі і забяспечыўшы фінансавую стабільнасць і стабільнасць нацыянальнай валюты. У сваю чаргу, экс-старшыня праўлення Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мае некалькі іншы пункт гледжання на поспехі беларускай эканомікі.

«У нас шалёнымі тэмпамі расце ўнутраны доўг (крэдыты эканоміцы). Сёлета ён ужо вырас на 50-60%. І я заўсёды крытыкую Пятра Пятровіча (Пракаповіча) за тое, што ён гаворыць ураду пра павелічэнне вылучэння рэсурсаў эканоміцы, напрыклад, на 50%, а ён павінен казаць іншае», – сказаў Станіслаў Багданкевіч у гутарцы з АФН.

«Ён павінен сказаць, што прадпрыемствы атрымалі ад банкаў грошай больш, чым летась на 50%, а выпусцілі прадукцыі больш толькі на 10%. Гэтага дастаткова, каб упэўніцца, што грошы яны марнуюць вельмі неэфектыўна», – растлумачыў экс-кіраўнік Нацбанку. – «Але ён дакладае інакш. Ён часцей выхваляецца».

«Гэта дрэнныя даклады. Калі бы вы атрымалі крэдыт на 50% больш, а далі прыбыткі ўсяго на 10, вы былі б задаволеныя? Бо атрымоўваецца, што прадпрыемствы ўлазяць у даўгі», – сказаў Багданкевіч.

«Банкі даюць крэдыты, а эканоміка працуе неэфектыўна, таму што грошы, якія ўкладзеныя ў запасы нераспраданай прадукцыі на складах, у крэдытораў, у даўгі, за якія ніхто не плаціць. Гэта астаткі на складах, якія растуць у той самай прагрэсіі, што і крэдыты. Гэта глыбінныя паказчыкі хваробы нашай эканомікі, але нашаму прэзідэнту не скажа пра гэта ніхто так адкрыта, як сказаў бы Багданкевіч», – падкрэсліў суразмоўца.

Разам з тым экс-кіраўнік Нацбанку прызнае, што Лукашэнка хоць і цалкам задаволены Пракаповічам, але ўсё-ткі ў некаторай ступені разумее рэальную сітуацыю.

«Лукашэнка трохі разумее, але ён задаволены тым, як яму пра гэта дакладаюць», – абагульніў Багданкевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках