4 траўня 2024, Субота, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фашысты пагражаюць беларускім апазыцыянэрам

5

Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што ўвечары 29-га кастрычніка ягонага 18-гадовага сына зьбілі двое невядомых. Спадар Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на сына маглі зрабіць тыя, хто ў жніўні гэтага году даслаў яму ліст з пагрозамі ад імя незарэгістраванай арганізацыі РНЕ (Русское Национальное Единство).

18-гадовы студэнт Аляксандар Дзяржаўцаў ня ведае тых двух хлопцаў, якія накінуліся на яго з кулакамі аб адзінаццатай начы 29 кастрычніка, калі ён вяртаўся дахаты. Ягоны бацька, Ян Дзяржаўцаў, зачытаў «Радыё Свабода» вынікі судова-мэдычнай экспэртызы, на якую скіраваў сына перш чым зьвяртацца са скаргай у міліцыю або пракуратуру:

"У Дзяржаўцава А.Я. былі выяўлены крывападцёк у вобласьці левага вока і носа, паверхневая рана сьлізістай абалонкі верхняе губы, драпіна на левай кісьці, далоні, драпіна на правым перадплеччы".

15 жніўня сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў ліст, які сканчваўся словамі "Сьцеражыся! Наш карны меч можа спасьцігнуць цябе ў любым месцы і ў любы час!" Такія самыя лісты атрымалі беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяржук Каваленка, а таксама выканаўца абавязкаў старшыні абласной арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Таўпыга. Спадар Дзяржаўцаў быў адзіны, хто падаў з гэтае нагоды скаргу ў пракуратуру, запатрабаваўшы, каб супраць тых, хто рассылае лісты з пагрозамі, да таго ж, ад імя не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа. Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі.

Пасьля праверкі выкладзеных фактаў участковым інспэктарам Яўгенам Кацкевічам міліцыянты напісала спадару Дзяржаўцаву адказ, што крымінальную справу заводзіць ня будуць. Прычыны былі выкладзеныя наступныя: РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі, і сяброўства ў ёй даказаць немагчыма.

Ці будзе заведзеная крымінальная справа супраць тых, хто пагражаў актывістам, пакуль невядома.

Тым часам Ян Дзяржаўцаў рыхтуе ў пракуратуру яшчэ адну заяву – пра тое, што пасьля пагрозаў нявысьветленых і непакараных асобаў пацярпеў ягоны сын. У заяве ён падкрэсьлівае, што было напісана, што калі у горадзе з’явіцца бел-чырвон-белы сьцяг, яго пакараюць. А ягоны сын быў зьбіты літаральна праз паўтары гадзіны пасьля таго, як у Віцебску чарговы раз зьявіўся бел-чырвон-белы сьцяг – гэта таксама здарылася позна ўвечары 29-га кастрычніка.

За апошнія паўтара году лісты з пагрозамі ад фашыстаў атрымалі старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская, рэдактар недзяржаўнай газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатру "Лялька" Вікторыя Дашкевіч.Усе яны зьвярталіся з заявамі ў міліцыю, пракуратуру і нават КДБ. Аднак ніводнай крымінальнай справы гэтыя структуры так і не распачалі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках