3 траўня 2024, Пятніца, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка даслаў Якубовіча, але не папрасіў прабачэньня

Амаль тры тыдні працягваюцца жарсьці вакол выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі наконт Бабруйску і адносінаў габрэяў да месца, дзе яны жывуць. Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар'е ўжо зьезьдзіў на тыдзень у Тэль-Авіў і вярнуўся ў Менск. Паводле інфармацыі ізраільскага боку, пасол быў у адпачынку. Амаль тыдзень у Ізраілі знаходзіцца галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч, які паехаў туды, каб улагодзіць беларуска-ізраільскія стасункі.

Паводле газэты "Haaretz", ізраільскі бок лічыць інцыдэнт вакол выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка аддзелу па Цэнтральнай Эўропе і Эўразіі МЗС Ізраіля Піні Авіві пасьля сустрэчы з Паўлам Якубовічам. Спадар Якубовіч заявіў у МЗС, што словы Аляксандра Лукашэнкі аб габрэйскім народзе варта разглядаць як "жартаўлівыя, несур'ёзныя", яны "не адлюстроўваюць сапраўднай пазыцыі ў адносінах да габрэяў", піша “Haaretz”.

Супрацоўнік Цэнтра расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту, доктар гістарычных навук Барыс Марозаў, што да выказваньняў Лукашэнкі і міратворчай ролі Паўла Якубовіча, выказаў “Радыё Свабода” такое меркаваньне:

“Выказваньне па сутнасьці вельмі рэзкае, і як праява побытавага антысэмітызму яно вельмі крыўднае. Ігнараваць яго таксама нельга. Пазыцыя спадара Якубовіча таксама надзвычай складаная. Ён ня можа сказаць, што гэтага не было. Пасланьня прэзыдэнта, выбачайце, ён з сабой не вязе. Калі Якубовіч што і прывёз, то яно настолькі мікраскапічнае і няўлоўнае. Наагул, ягоная прысутнасьць у Ізраілі ня моцна асьвятляецца”.

Павал Якубовіч сустракаўся з расейскамоўнай грамадзкасьцю, удзельнічаў у “прамых лініях” расейскамоўных выданьняў, у прыватнасьці, інфармацыйнай агенцыі “Курсор”, быў госьцем 9-га расейскамоўнага каналу ізраільскага тэлебачаньня, дзе даносіў, паводле ягоных словаў, пазыцыю Беларусі.

Супрацоўнік Цэнтра расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту Барыс Марозаў выказаў меркаваньне, што спадар Якубовіч шчыльна працаваў з амбасадай Беларусі ў Ізраілі, якая і ўлагоджвала канфлікт, даносіла пазыцыю краіны:

“Я ня думаю, што Якубовіч яе даносіў. Паколькі ўсё ішло на ўзроўні абмену нотамі, я думаю, што беларускі пасол зрабіў нейкую заяву ў адказ. Паколькі ізраільскі пасол вярнуўся ў Менск, хутчэй за ўсё, беларускі бок прынёс нейкія прабачэньні. Але ня прамым тэкстам (бо, як вядома, Лукашэнка ніколі ня просіць прабачэньня), а патлумачыўшы, што яго няправільна зразумелі. Ізраілю на сёньняшні дзень, калі амбасадар вярнуўся, відаць, гэтага дастаткова. Але нідзе пра гэта ў Ізраілі ня пішуць”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках