3 траўня 2024, Пятніца, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычны рэжым у Беларусі – самы рэпрэсіўны ў Эўропе

Завяршыўся візыт у Беларусь прэзыдэнткі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. Яна знаходзілася ў Беларусі з 28 кастрычніка і правяла сустрэчы ў Менску і Горадні з роднымі палітзьняволеных, прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. Прадстаўнікі чатырох міністэрстваў – юстыцыі, інфармацыі, замежных і унутраных справаў – не пажадалі сустракацца з прэзыдэнткай Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Прэзідэнт МФПЧ падтрымала беларускіх палітвязьняў.

"Я пераканалася ў тым, што абвінавачаньні адносна Дашкевіча і Фінькевіча зьяўляюцца сьмешнымі", – заявіла сёньня Сугайр Бэльхасэн. Паводле праваабаронцы, усе эўрапейскія прадстаўнікі мусяць прасіць, каб іх дапусьцілі на працэс Зьмітра Дашкевіча, інакш суд пройдзе за зачыненымі дзьвярыма.

Таксама фэдэрацыя падтрымае разгляд Камітэтам ААН у правах чалавека скаргі адносна Аляксандра Казуліна, паведамляе “Радыё Свабода”.

“У эўрапейскай краіне ёсьць чатыры вязьні сумленьня, — гэта абсалютна скандальны факт. Трэба мабілізаваць эўрапейскую супольнасьць, каб усіх вязьняў сумленьня вызвалілі”, -- паведаміла праваабаронца.

Па вяртаньні ў Францыю спадарыня Бэльхасэн мае намер стварыць міжнародны камітэт у падтрымку Андрэя Клімава. Яна прапануе ўступіць у яго вядомым дзеячам.

“Клімава зьмясьцілі ў калёнію за 328 кілямэтраў ад Менску, і гэта абуральна. Ён не падпадае пад амністыю, як і іншыя. Пачынаеш задаваць пытаньне: навошта гэтая амністыя была задуманая? З-за дрэннага абыходжаньня Клімаў атрымаў хваробу сэрца.

І мы лічым, што афіцыйныя асобы адказныя за яго псыхалягічны й фізычны стан. Чалавек напісаў, што ён баіцца заставацца жывым, бо ўбачыць яшчэ горшае пекла, — гэта сьведчыць, што ён знаходзіцца ў невыносных умовах”, -- лічыць Белхасэн.

“Як прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека я хачу вам сказаць наколькі гэтая мая паездка ў Беларусь была важнай – як сымбаль. Я хацела наведаць гэтую эўрапейскую краіну, у якой палітычны рэжым зьяўляецца самым рэпрэсіўным у Эўропе. Прадэманстраваць нашу падтрымку праваабаронцам, а таксама апазыцыйным палітычным партыям”, -- паведаміла прэзідэнт МФПЧ.

Яна дадала: "Я прыехала сюды пасьля судовага працэсу па справе рэгістрацыі “Вясны”, якой было адмоўлена ў рэгістрацыі. На няшчасьце, такая сытуацыя “Праваабарончага цэнтру “Вясна” не арыгінальная. Многія арганізацыі знаходзяцца ў такім жа становішчы і вымушаны працаваць у нелегальных умовах. Яны пастаянна падвяргаюцца рэпрэсіям”.

Спадарыня Бэльхасэн мела і добрыя ўражаньні ад візыту:

“Нягледзячы на рэпрэсіі, у Беларусі ёсьць маладыя людзі, палітычныя партыі й няўрадавыя арганізацыі, прафсаюзы, якія мабілізуюцца і стараюцца процістаяць рэпрэсіям. І на сёньня іх дэвіз — супраціў.

Я сустрэлася з маладымі людзьмі, якія актыўна працуюць, каб прывесьці гэтую краіну да дэмакратыі. Я хачу прызнаць іхную сьмеласьць”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках