4 траўня 2024, Субота, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: «З'езд правядзем ва ўсялякім выпадку»

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) не можа знайсці памяшканне для правядзення ўстаноўчага з'езду, які запланаваны на 17 лістапада. Пра гэта паведаміў АФН лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Паводле яго слоў, куды б не звярталіся прадстаўнікі партыі, паўсюль атрымліваюць адмову ў арэндзе памяшкання.

«З'езд запланаваны на 17 лістапада, і сёння – апошні дзень (за 15 дзён па заканадаўстве) падаць заяўку на вызначанае памяшканне», – сказаў Статкевіч.

На ўсе пададзеныя заяўкі былі атрыманыя адмовы ў выдзяленні памяшкання.

«Мы шукаем памяшканне ўсюды. Нас усе баяцца, адмаўляюць. Яны ўсе літаральна жудасна палохаюцца, пачынаюць рукі, ногі трэсціся. А некаторыя пачынаюць казаць: ды вось разумееце, мы памыліліся, насамрэч усё занятае. І ўвогуле ў нас кожны дзень занятае і гэтак далей і гэтак далей», – распавёў Статкевіч.

Паводле яго, пагадзіўся даць памяшканне толькі Міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB). Аднак саўладальнікам гэта цэнтра з'яўляецца Менгарвыканкам, у якога неабходна было атрымаць дазвол.

«Тыдзень гэты сузаснавальнік, нават больш, думаў, а сёння раніцай мне патэлефанавалі, і сказалі, што Менгарвыканкам забараніў даваць сацыял-дэмакратам памяшканне», – сказаў Статкевіч.

«Ну, вядома, хацелася б, каб з'езд прайшоў прыстойна, без усякіх там АМАПаў. Тым больш, што будуць прысутнічаць прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны. Хоць, калі і будзе гэтая клаунада, то хай госці ўбачаць, у якіх умовах мы працуем», – адзначыў Статкевіч.

Цяпер прынятае рашэнне ссунуць з'езд на адзін дзень – на 18 лістапада. Такім чынам, ёсць яшчэ два дні пашукаць памяшканне.

«З'езд правядзем ва ўсялякім выпадку. Калі нічога не знойдзем, а нас 200 дэлегатаў, ну што ж будзем праводзіць у маленькім памяшканні. Па паскоранай праграме, стоячы дзе-небудзь, напакаваўшыся як селядцы ў бочку. Можа, гасцям па крэсле дамо, а магчыма і пастаяць...– разважае Статкевіч. – Апошняя спроба сёння. Але далей, чым 18 лістапада, мы адсоўваць з'езд не будзем, таму што трэба перавыбраць сацыяльна-арганізацыйны камітэт, вызначыць стратэгію, тактыку і далей працаваць».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках