24 снежня 2024, aўторак, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Размяшчэнне ракет у Беларусі – прапагандысцкі ход Расеі

4

Размяшчэнне ракет у Беларусі не можа супрацьстаяць проціракетнаму шчыту ЗША ў Цэнтральнай Еўропе, заявіў афіцыйны прадстаўнік НАТА Джэймс Апатурай у Брусэлі.

«Любыя гутаркі з нагоды таго, каб пагражаць Заходняй Еўропе дзе заўгодна размешчанымі ракетамі, з'яўляюцца анахранічнымі, непажаданымі і бескарыснымі», – сказаў прадстаўнік НАТА.

Як паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, Беларусь па льготных цэнах атрымае расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр». Па словах начальніка Ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сілаў Беларусі палкоўніка Міхаіла Пузікава, імі да 2015-2020 года будзе пераабсталяваная 465 ракетная брыгада, размешчаная ў пасёлку Цэль каля Асіповіч. Цяпер яна мае на ўзбраенні ракетна-тактычныя комплексы «Точка-У».

Ракетны комплекс «Іскандэр» мае далёкасць паражэння 200 кіламетраў, можа несці касетную, аскепкавую і фугасныя баявыя часткі.

Па словах расейскага калегі генерала Пузікава, начальніка ракетных войскаў і артылерыі Расеі Уладзіміра Зарыцкага, пастаўка ў Беларусь «Іскандэраў» можа стаць варыянтам адказу на размяшчэнне ў Чэхіі і Польшчы элементаў амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны.

Па словах генерала Зарыцкага, гэтыя ракетныя комплексы не падпадаюць пад дзеянне Дамовы аб скарачэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Але – растлумачыў ён – калі будзе прынятае палітычнае рашэнне аб выхадзе з гэтай дамовы, Расея будзе нарошчваць баявыя магчымасці комплексу, у тым ліку і па далёкасці паражэння да 500 кіламетраў.

Варта нагадаць, што на мінулым тыдні Дзяржаўная Дума Расеі аднагалосна прагаласавала аб спыненні ўдзелу краіны ў іншай базавай міжнароднай дамове – аб звычайных узбраеннях у Еўропе.

Пра праблемы вытворчасці ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў краінах «трэцяга свету» прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін казаў у лютым мінулага года на канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене.

У лютым гэтага года начальнік расейскага генеральнага штаба Юры Балуеўскі прама казаў пра магчымасць аднабаковага выхаду Расеі з гэтай дамовы.

Дамова аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці была падпісаная СССР і ЗША ў 1987 годзе, яна забараняе бакам мець, купляць, вырабляць і распрацоўваць балістычныя ракеты з далёкасцю паражэння ад 500 да 5000 кіламетраў.

Пракаментаваць намер Расеі размясціць у Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр» «Радыё Свабода» папрасіла вайсковага аглядальніка газеты «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна.

«Нельга сказаць, што гэта прамы адказ на размяшчэнне ў Еўропе элементаў амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны. Нават калі іх паставіць на мяжы, далёкасць іх палёту – 300 кіламетраў. Прама яны не нацэленыя на патэнцыйныя аб'екты амерыканскай ПРА ў Польшчы, але гэта, безумоўна, дэмарш.

Гутаркі пра «Іскандэры» ў Беларусі вядуцца даўно, але цяпер працэс іх размяшчэння паскорыўся ў межах новай, наступальнай палітыкі Расеі ў дачыненні Захаду.

Я лічу, што гэта, найперш, прапагандысцкі ход. Колькі б гэтых ракет ні было, ваенная моц НАТА безумоўна вялікая. Але гэта – пэўная праява стаўлення Расеі да Захаду.

Захад цісне на Лукашэнку, прымушаючы яго выконваць дэмакратычныя нормы, а Расея дае Лукашэнку зброю, якой няма на ўзбраенні ў самой Расеі. І таму паведамленне, што ў хуткім часе па льготных цэнах у Беларусі з'явяцца «Іскандэры» – гэта кепская навіна для краін Балтыі і Польшчы, улічваючы, што Варшава і іншыя стратэгічныя аб'екты знаходзяцца на адлегласці як раз 180-250 кіламетраў ад мяжы.

Я лічу, што рэакцыя Захаду будзе даволі вострай. Тым больш, што баявыя якасці «Іскандэра» такія, што супраць яго проціракетныя сістэмы не дзейнічаюць. Гэта ракеты з траекторыяй, якая змяняецца, боегалоўка зробленая па тэхналогіі «Стэлс», ракета наводзіцца праз спадарожніка або па карце мясцовасці, закладзенай у боегалоўку. Падчас палёту такую ракету можна перанацэліць. Гэта самая перадавая сістэма, якой, у прынцыпе, яшчэ няма ў самой Расеі», – сказаў эксперт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках