28 снежня 2024, Субота, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія рок-музыкі паабяцалі не граць на акцыях пратэста

226
Беларускія рок-музыкі паабяцалі не граць на акцыях пратэста

На сустрэчы з лідэрамі гуртоў “Крама”, “N.R.M.”, “Палац” і “Нейра Дзюбель” намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Алег Праляскоўскі паабяцаў, што з беларускіх рокераў здымуць негалосную забарону на арганізацыю канцэртаў. А наўзамен папрасіў больш не выступаць на акцыях апазіцыі.

Першы раз з прапановай сустрэцца з намесникам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім Ігару Варашкевічу, Лявону Вольскаму, Алегу Хаменку і Аляксандру Кулінковічу патэлефанавалі прыблізна месяц таму. І музыкі адказалі згодай. Ім паабяцалі патэлефанаваць яшчэ раз, каб удакладніць тэрміны і…. змоўклі на месяц. Паўторнае тэлефанаванне было ўчора. Лідэрам “Крамы”, “N.R.M.”, “Палаца” і “Нейра Дзюбеля” паведамілі, што на Карла Маркса, 38 іх чакаюць сёння ў 14.20.

Як распавёў «Еўрарадыё» Ігар Варашкевіч адразу пасля выхаду з Адміністрацыі, музыкі адразу паставілі перад кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі пытанне пра нейкія таемныя “чорныя спісы”, з-за якіх яны не маюць магчымасці атрымаць дазвол на арганізацыю канцэртаў. Алег Праляскоўскі існаванне такіх спісаў прызнаў. Але паабяцаў, што іх аб’явяць “нядзейснымі”. Перашкаджаць арганізацыі канцэртаў больш не будуць. Але каб давесці новую рэзалюцыю да ўсіх, чыноўнікаў спатрэбіцца час.

“Паабяцаў, што нам не будуць перашкаджаць у арганізацыі канцэртаў. Праўда, сказаў, што пройдзе пэўны час, месяц-другі, пакуль уся чыноўніцкая машына супакоіцца і запрацуе. Людзей жа ў ёй шмат”, -- паведаміў Варашкевіч.

Па словах лідэра гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта нават прапанаваў арганізаваць ім здымкі канцэрта на БТ. Гэта каб такім чынам паказаць усім чыноўнікам, што забароны больш не існуе.

“Сказаў, што асабіста аддасць распараджэнне аб такіх здымках. Маўляў, калі мы з’явімся на БТ, тады забарона паступова будзе знятая. Нам перастануць надакучаць і з Адміністрацыі, і Камітэта дзяржбяспекі”, -- сказаў Кулінковіч.

Музыкам, па словах Кулінковіча, не прапаноўвалі дапамагчы, да прыкладу, з запісам новых альбомаў альбо з арганізацыяй дарагіх тураў па Беларусі. Але з просьбай выканаць адну ўмову ўсё ж звярнуліся – не граць больш на акцыях апазіцыі.

“Нам было ясна сказана: “Хлопцы, не грайце больш, калі ласка, на апазіцыйных мітынгах". Мы сказалі, што не будзем. Прычым усе, і абсалютна шчыра”, -- заявіў Кулінковіч.

Лідэр “Дзюбялёў” расказаў, што зрабіў гэта нягледзячы на тое, што не любіць існуючую ўладу. Пра што шчыра і паведаміў намесніку кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Адначасова Аляксандр Кулінковіч паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97, што не будзе граць на мерапрыемствах улады. “Наш сцяг – бел-чырвона-белы, а не красна-зялёны. На калені нас не паставілі. Але ж мы сустракаліся летам з Аляксандрам Мілінкевічам, і ён нам абсалютна не дапамог... Праляскоўскі – нармальны, адэкватны чалавек”, -- сказаў Кулінковіч прэ-цэнтру Хартыі’97.

Музыкі сцвярджаюць, што гэта выказванне Кулінковіча і згода з ім астатніх удзельнікаў сустрэчы не змяніла агульнай атмасферы сустрэчы. Што ж тычыцца таго, ці будзе яна мець станоўчы вынік і ці здымуць з беларускіх рокераў забарону на творчасць, то казаць пра гэта яшчэ рана. Але музыкі спадзяюцца, што так і будзе. І катэгарычна адпрэчваюць усе абвінавачванні ў тым, што яны прадаліся альбо здрадзілі камусьці ці чамусьці.

Дарэчы, на сустрэчы з музыкамі прысутнічаў адыёзны Усевалад Янчэўскі.

Напісаць каментар 226

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках