Кульлінковіч спадзяецца на сумленнасьць галоўнага ідэоляга
8- 22.11.2007, 8:52
У адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі адбылася сустрэча беларускіх рок-музыкаў з чыноўнікамі. Кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі ў размове зь лідэрамі гуртоў N.R.M., Neuro Dubel, «Палац» і «Крама» прызнаў наяўнасьць ранейшых забаронаў на творчасьць гэтых гуртоў і прапанаваў жыць па-сяброўску. Са словаў чыноўніка вынікае, што хутка самыя вядомыя беларускія рок-гурты будуць мець легальныя канцэрты і тэлеэтэры.
«Вазэліну нам не прапаноўвалі. Алег Праляскоўскі мне падаўся чалавекам абаяльным і адэкватным», -- сказаў лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч сайту music.fromby.net.
Музыка адзначыў, што тэма гутаркі практычна супала з тым, што ён пісаў у артыкуле «Выцерлі ногі». Усе прысутныя на сустрэчы пагадзіліся, што музыкантам ня варта сьпяваць хоць пад якімі сьцягамі – бел-чырвона-белымі ці тое чырвона-зялёнымі – ня важна.
Але ці гэта значыць, што музыкі самі цяпер будуць прасіць слухачоў згортваць сьцягі на канцэртах? Лідэр N.R.M. Лявон Вольскі кажа, што ён асабіста да гэтага заклікаць ня будзе: «Калі-небудзь пад гэтымі сьцягамі мы будзем ня толькі выступаць, але і жыць». Але пры гэтым музыка разумее, што сёньня такой сымболікай «не зусім можна карыстацца»: «Калі выступаеш у клюбах і зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі, то само кіраўніцтва ўстановы просіць гледачоў іх згарнуць, з гэтым нічога не паробіш».
Адпаведна і прапанова Праляскоўскага – зрабіць маштабны канцэрт пад назвай «Рок За Беларусь» была адкінутая. «Прыдумайце назву, якую самі хочаце», - прапанаваў на тое чыноўнік. Лідэр «Палацу» Алег Хаменка адразу ж прапанаваў назваць такі фэст «Рок для Беларусі».
Ігар Варашкевіч зазначае: «Размова вялася досыць канструктыўна і мы сапраўды паразумеліся. Мы выклалі сваю пазыцыю і нас не прасілі пакаяцца, ці нешта яшчэ. Наадварот – абяцалі не перашкаджаць».
Кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня па сутнасьці прызнаў наяўнасьць ранейшых забаронаў на творчасьць гэтых гуртоў і паабяцаў судзейнічаць у далейшай канцэртнай дзейнасьці гуртоў N.R.M., Neuro Dubel, «Палац» і «Крама». «Канечне, казалася, што ня заўтра тое адбудзецца, але была сказана такая фраза, што паступова ўсе чыноўнікі павінны зразумець, што рок-музыканты – ня ворагі», - кажа Аляксандар Кульлінковіч. Што да апошняй забароны канцэрту гурта Neuro Dubel, то Алег Праляскоўскі назваў гэта «перагібам на месцах».
Ад гэтых «перагібаў» ці ня больш за ўсіх пацярпеў гурт «Палац». Праграма Алега Хаменкі «Настаўніцкая», якая ішла на беларускім тэлебачаньні, была закрытая, а ўвесь калектыў быў звольнены з працы ў дзяржаўным «Белканцэрце». Але сам Алег Хаменка вырашыў не ўздымаць пытаньне пра вяртаньне страчаных пазыцыяў: «Я добра ўсьведамляю, што ў адну ваду двойчы ўвайсьці немагчыма».
Але ці сапраўды прапановы, агучаныя ў адміністрацыі прэзыдэнта, ня стануцца пустаслоўем. Аляксандар Кульлінковіч спадзяецца на сумленнасьць галоўнага ідэоляга краіны і ўпэўнены, што такой магчымасьцю трэба карыстацца як мага хутчэй. Алег Хаменка таксама мяркуе, што забароны сапраўды могуць быць зьнятыя: «Некалькі разоў Алег Праляскоўскі паўтарыў, што мы можам да яго зьвяртацца па дапамогу, калі раптам у нас узьнікнуць праблемы». Аптымістычна глядзіць на далейшае разьвіцьцё падзеяў і Лявон Вольскі: «Пэўна што паслабленьне будзе. І хочацца спадзявацца, што назаўсёды».