28 снежня 2024, Субота, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Халезін: «Лідэры контр-культуры павінны выпрацаваць агульныя патрабаванні да ўлады»

8

У сувязі з сустрэчай беларускіх рок-музыкаў з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Алегам Праляскоўскім, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін агучыў падчас запісу перадачы «Пражскі акцэнт» на «Радыё Свабода» новую ініцыятыву. Пра гэтую ініцыятыву Мікалай Халезін распавядае ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

– Сутнасць ініцыятывы ў тым, што мы павінны засвоіць урокі таго, што адбылося. У такіх дзеянняў музыкаў ёсць свае перадумовы, і ўсе яны добра зразумелыя. На мой погляд, творцы не могуць ісці на перамовы з уладай. Перамовы з уладай павінны весці палітыкі. Творца не мае права на кампраміс. Кампраміс – гэта доля палітыкаў, і гэта іх прафесія.

Я прапаноўваю сабрацца лідэрам контр-культуры з розных сфер дзейнасці і выпрацаваць агульныя патрабаванні да ўладных структур. Гэтыя патрабаванні замацаваць агульным бачаннем праблемы. І пасля гэтага абраць таго палітыка, якому б давяралі ўсе лідэры контр-культуры. Ён і павінен прадстаўляць нашы інтарэсы ў перамоўным працэсе.

А чаму прадстаўнікі контр-культуры не могуць весці перамовы па асобнасці?

– Калі кожны пачне весці перамовы асабіста, то мы не зможам улічыць пажаданні іншых, хоць усе нашы патрабаванні зводзяцца прыкладна да пяці аднолькавых пунктаў. І калі ўсе сацыяльныя сферы павінны высунуць адзін галоўны пункт – гэтае вызваленне палітвязняў, то астатнія пункты будуць спецыфічнымі – адмена «чорных спісаў», адкрыццё пляцовак для выступаў. У нас агульныя праблемы, і мы іх павінны вырашаць толькі разам.

Гэта значыць, што палітык, якога абяруць, і будзе наўпрост весці перамовы з уладай?

– Гэта значыць, што гэты палітык павінен весці перамовы з уладай, знаходзячыся ўнутры перамоўнай групы, якая павінна фармавацца з прадстаўнікоў розных сацыяльных кругоў. Такім чынам сфармуецца перамоўная група, якая і будзе мець паўнамоцтвы на вядзенне перамоваў з уладай. А мы будзем ведаць, з каго спытаць, як гэтыя перамовы вядуцца, як адстойваюцца нашы правы.

Хто, на Вашу думку, можа стаць гэтай даверанай асобай?

– Ім можа стаць чалавек, які разбіраўся б у пытаннях культуры, і якому б мы давяралі цалкам. Гэта павінна вырашацца на сходзе дзеячаў контр-культуры. Напрыклад, у поле майго зроку ёсць палітык, якому я б гэтыя пытанні даручыў, але я пакуль бы не хацеў называць пэўнае прозвішча. Думаю, што ў кожнага ёсць свае погляды на гэты конт.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках