28 снежня 2024, Субота, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Халезін: «На перамовы з аўтарытарнай уладай павінны ісьці палітыкі»

2

Вынікі сустрэчы музыкаў з Алегам Праляскоўскім – здрада ці дапушчальны кампраміс? Перад кім нясе адказнасьць мастак? Ці павінны мастакі быць палітычна ангажаванымі? Над гэтымі тэмамі ў праграме “Радыё Свабода” “Праскі акцэнт” разважаюць кіраўнік рок-гурту NRM Лявон Вольскі, філёзаф Валянцін Акудовіч і кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін. Прапануем першую частку гутаркі.

Дракахруст: З падзеяў гэтага тыдня хіба ня больш за ўсё спрэчак і жарсьцяў выклікала сустрэча музыкаў, лідэраў вядомых у Беларусі рок-гуртоў, з кіраўніком ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Алею ў агонь спрэчак дадаюць і супярэчлівыя тлумачэньні таго, да чаго ж дамовіліся ўдзельнікі сустрэчы. Здаецца, самая нэўтральная вэрсія такая: улада ў асобе Праляскоўскага прызнала наяўнасьць “чорных сьпісаў” музыкаў, якія патрапілі туды за выступы на апазыцыйных акцыях, паабяцала гэтыя сьпісы скасаваць, а ў абмен прапанавала музыкам трымацца падалей ад палітыкі. Кіраўнікі рок-гуртоў адказалі, што маюць намер трымацца ад яе падалей. Калі я сфармуляваў вынік сустрэчы не зусім дакладна, удзельнік сустрэчы з Праляскоўскім і ўдзельнік нашай перадачы Лявон Вольскі мяне паправіць.

Аднак у любым выпадку выглядае, што ёсьць тэма для абмеркаваньня, ёсьць прыватны выпадак старой, як сьвет, праблемы – мастак і ўлада. Некаторыя ахрысьцілі вынікі сустрэчы музыкаў з Праляскоўскім угодай з д’яблам. Лявон, як Вы пачуваеце сябе ў ролі доктара Фаўста? На якія зьдзелкі, кампрамісы, на Ваш погляд, можна ісьці ў Вашай сытуацыі, а на якія нельга?

Вольскі: Я наагул віншую ўсіх, што такое ажыўленьне беларускага інтэрнэту адбылося, што ёсьць нагода, пра што паразмаўляць. Бо ўжо прыкладна з год такіх нагодаў было вельмі мала, а тут такое ажыўленьне. У мене ўвесь livejournal засыпаны допісамі – і гнеўнымі, і ў падтрымку.

Насамрэч, нічога страшнага і сакрамэнтальнага не адбылося. Быў не пацьвержаны факт забароны. Калі канцэрты, як у Сашы Кулінковіча было нядаўна, забараняюцца, то музыкі гэта вельмі хваравіта ўспрымаюць. І мы падтрымлівалі яго. Трэба было паставіць нейкую кропку.

У нас ёсьць палітычныя вязьні ў краіне, але ім нешта фармальна інкрымінуюць. Каб нам сказалі, што ў нас нізкі мастацкі ўзровень і таму мы ня мусім выступаць на вялікіх пляцоўках, мы б прынялі гэта як умову гульні. Але гэта сказана не было, былі нейкія тэлефанаваньні, і гэта цягнулася тры гады. І калі была ініцыятыва ўлады з намі сустрэцца, мы безумоўна пайшлі на гэта.

Дракахруст: Лявон, я б хацеў удакладніць зьвесткі пра тую частку размовы, калі Праляскоўскі сказаў, што някепска вам было б трымацца падалей ад палітыкі – вы ж усе разам не паслалі яго значна далей за адміністрацыю прэзыдэнта? Вы ці прамаўчалі, ці адказалі, што так, і сапраўды лепш трымацца падалей.

Вольскі: Хтосьці прамаўчаў, хтосьці сказаў, што мы ня надта і лезьлі ў палітыку. Але згоды не было, як не было і пастаноўкі пытаньня – мы вам дадзім гэта, а вы нам абяцайце тое. Не было такога гандлю. Было сарамліва парэкамэндавана (ці не сарамліва, а спакойна) – можа, вы не грайце там ... Хтосьці сказаў – ну як ня грайце.

Потым парэкамэндавана было зрабіць канцэрт на БТ "Рок за Беларусь". На гэта мы адразу адмовіліся, мы сказалі, што, калі штосьці і будзе, то пад іншай назвай. Я, напрыклад, дагэтуль не знаходжу пунктаў сутыкненьня з БТ.

Дракахруст: Лявон, ці правільна я зразумеў, што на сарамлівую просьбу прагучала ці сарамлівая згода, ці сарамлівае ж маўчаньне?

Вольскі: Слухайце, я ня буду пераходзіць на асобы. Гэта залежыць ад асобы. Мы рэпрэзэнтуем розныя музычныя фармацыі, і розныя людзі па-рознаму рэагуюць на розныя прапановы.

Мараль і творчасьць

Дракахруст: Мікалай, Вы ў камэнтары да сустрэчы, якую мы абмяркоўваем, назвалі паводзіны музыкаў “амаральнымі”. Ці трэба гэта разумець так, што маральна – гэта выступаць на баку апазыцыі, на баку дэмакратыі? Перафразуючы вядомага гістарычнага дзеяча, “маральна ўсё, што спрыяе справе дэмакратыі, амаральна ўсё, што перашкаджае яе перамозе”?

Халезін: У мяне ёсьць зыходная пазыцыя, якая мяне турбуе: тое, што на перамовы пайшлі гэтыя музыкі. Мяне б зусім не цікавіла, куды ідуць група J-MORS ці Паліна Смолава. Але ёсьць лідэры сучаснай грамадзкай думкі, на якіх глядзіць шмат моладзі. І іх, як і мяне, турбуе, куды пайшоў Лявон Вольскі і Ігар Варашкевіч, з кім і аб чым яны размаўлялі. Бо гэта – лідэры пэўнай аўдыторыі.

Гэта ніяк не ўкладаецца ў той грамадзкі дыялёг, пра які кажуць палітыкі. Музыка, мастак, рэжысэр, драматург ня можа ўдзельнічаць у перамовах. Ён можа ў іх удзельнічаць толькі тады, калі яму мандат на такія перамовы выдалі яго калегі. Калі такога мандату няма, то сантэхнікі будуць самі размаўляць з уладай, стаматолягі – самі, мастакі – самі, і кожны будзе казаць пра сваё.

На перамовы з уладай, тым больш з уладай аўтарытарнай, павінен ісьці нехта адзін ад нас ад усіх з мандатам ад нас усіх.

Вось быў арыштаваны "Свабодны тэатар" разам з гледачамі спэктакля. Я б таксама абурыўся, як Саша Кулінковіч, і пайшоў у адміністрацыю на перамовы? Не, я не пайду на гэтыя перамовы. Я творца, і я буду працаваць далей, сьцяўшы зубы. А потым я абяру таго палітыка, які будзе ад мяне і ад маіх калег удзельнічаць у гэтых перамовах і душыць гэтую ўладу.

Дракахруст: Валянцін, а які Ваш погляд і на гэтую сытуацыю, і наагул на гэтую праблему – мастак і ўлада? Калі прыводзіць аналёгіі, то можна казаць пра досьвед, скажам, Вацлава Гавэла, чыя пазыцыя адносна камуністычнай улады была абсалютна бескампраміснай. Але можна прыгадаць прыклады, скажам, Янкі Купалы, Васіля Быкава, расейца Міхаіла Булгакава, якія ішлі на пэўныя зьдзелкі з д'яблам – з уладай.

Акудовіч: Напачатку нашай размовы Вы, Юры, прыгадалі Фаўста. Я адразу прыгадаў літаратурную байку пра аўтара Фаўста. У каралеўскім парку на лаўцы сядзяць і размаўляюць Гётэ і Бэтховэн. Раптам Гётэ падхопліваецца, здымае капялюш і становіцца крукам. Бэтховэн азіраецца і бачыць на даляглядзе караля са сьвітай. Калі працэсія праходзіць каля іх, Бэтховэн крыху прыўздымаецца з лаўкі, а пасьля кажа Гётэ: "Я думаў, што Вы – кароль паэтаў, а Вы – толькі паэт каралёў".

Для мяне мараль байкі – ня ў гэтых апошніх словах Бэтховэна, а ў тым, што для ўсясьветнай культуры саноўны лісьлівец Гётэ значыць ніяк ня менш, чым бунтоўны жабрак Бэтховен.

Значнасьць таленту, а тым больш генія, ніяк не залежыць ад таго, супрацоўнічае ён з уладай ці змагаецца зь ёй. Прыкладаў гэтай тэзы – лічыць не пералічыць.

Але мы тут сабраліся ня дзеля абстрактнага тэарэтызаваньня. У нас ёсьць канкрэтная сытуацыя. Чатыры вядомых беларускіх музыкі вырашылі зьмяніць пазыцыю супраціву на пазыцыю супрацоўніцтва з уладай. Магчыма, пра супрацоўніцтва яны і ня думалі, а толькі хацелі паразумецца. Але ў нашай сытуацыі адно ад другога ня надта адрозьніваецца.

Мяне ў гэтым зацікавіла ня столькі праблема стасункаў творцы з уладай, колькі з тымі, хто шанаваў іх творчасьць. Апошнія два дні я глядзеў розныя сайты. Мне здаецца, што, каб неба абрынулася на зямлю, то мы б не пачулі столькі енку, ляманту, стогну, праклёнаў, абурэньня і г.д. Нашы музыкі зрабілі тое, чаго іх прыхільнікі не маглі ўявіць сабе нават у жахлівым сьне.

Тут прыгадваюцца знакамітыя словы Экзюпэры пра адказнасьць перад тым, каго ты прыручыў. Мне здаецца, што калі хлопцы зьбіраліся на сустрэчу з Праляскоўскім, яны думалі пра што заўгодна, але толькі не пра тых, для каго іх вальналюбная творчасьць была сапраўдным апірышчам у жыцьці.

Я падзяляю абурэньне Аляксандра Кульлінковіча, які жаліўся, што за апошнія дні на яго вылілі вядро дзярма. Але ці думаў Аляксандар і ягоныя сябры, які рэальны фізычны боль яны зрабілі тым, хто іх так моцна любіў і шанаваў?

Дракахруст: Лявон , я тут хачу прывесьці рэакцыю Кульлінковіча ў адказ на злосную заяву нейкага чалавека, які сказаў, што выкіне дыскі гэтых рок-гуртоў і выдаліць іх песьні са свайго кампутара. На гэта лідэр "Нэйра-Дзюбеля" сказаў, што, відаць, гэты чалавек шанаваў ня нашу музыку, а нашу пазыцыю, якая яму прымроілася. Вам слова для адказу на меркаваньні Мікалая і Валянціна.

Вольскі: Кожны мае права на сваё меркаваньне. Я паважаю іх меркаваньні, збоку на гэта проста і лёгка глядзець. Калі сам апынаесься ў такой сытуацыі, гэта цяжэй. Я ня бачу ніякага крыміналу ў нашым паходзе да ўлады, тым больш што і выніку з гэтага сур’ёзнага няма. Ня факт, што будуць дазволеныя канцэрты, сам я на БТ не зьбіраюся ісьці.

Мне здаецца, што самы факт, што гэтыя абразы са сьцяны зьлезьлі і пайшлі да Праляскоўскага – гэта ўжо абурыла людзей. Але гэта неяк дзіўнавата. Адсюль вынікае, што людзі, якія зараз выкідаюць нашы кампакты, ня вельмі паглыбляліся ў нашу творчасьць і ў нашы біяграфіі. Такія, значыць, яны былі аматары.

Ці месца мастака – на барыкадзе?

Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч неяк сказала: “На барыкадзе немагчыма разгадаць загадку жыцьця. Барыкада – гэта ня месца для мастака”. Лявон, Вы згодны з гэтай тэзай? Можа, улада ў асобе Праляскоўскага, кіруючыся, зразумела, сваімі мэтамі, прапанавала Вам зрабіць тое, што Вы і самі хацелі зрабіць – “зьлезьці з барыкады”?

Вольскі: Нам асабліва нічога не прапаноўвалі і ні на што не штурхалі, вось у чым справа.

Дракахруст: Лявон, я Вас перапыню. Мы тут гаворым пра прынцыповыя рэчы, а не праводзім інквізытарскае разьбіральніцтва. Я кажу пра агульную праблему – Вы хочаце “зьлезьці з барыкады”?

Вольскі: Я ня бачу, каб мы ўжо так моцна на яе залазілі. Як толькі ў краіне ёсьць рэвалюцыйная сытуацыя, калі насамрэч нешта насьпела – мы заўсёды будзем там, мы там ёсьць. Калі застой, як зараз, трэба займацца творчасьцю. Роля прафэсійнага змагара, прафэсійнага рэвалюцыянэра мяне ня вельмі цікавіць, я ім і ня ёсьць, я бачу сябе больш творцам. Я не пішу песьні пра змаганьне. Мы пішам песьні пра жыцьцё, пра тое, што нас хвалюе. Не апошнім з гэтага можа быць і палітыка, і соцыюм. Але гэта ня значыць, што мы – прафэсійныя змагары.

Дракахруст: Мікалай, Вы ў прыгаданым мной камэнтары сказалі, што зьдзелка, на якую пайшлі музыкі (Вы лічылі, што яна адбылася), зьнішчыць іх перш за ўсё як мастакоў, як творцаў. А Вы лічыце, што месца творцы – менавіта на барыкадзе, на чале рэвалюцыйнай калёны, што толькі там ён можа быць сапраўдным творцам? Вось Валянцін зараз прыгадаў гісторыю з Гётэ. Гётэ застаўся Гётэ, хаця і кланяўся каралям.

Халезін: Я б не падзяляў сьвет на чорнае і белае. Калі мы кажам пра сучаснае мастацтва – гэта і рок-культура, і сучасны тэатар, я і сябе да гэтага адношу, – мы не займаемся пастаноўкамі Шэксьпіра, як і Лявон не перапявае нейкіх савецкіх кампазытараў. Гэта сучаснае мастацтва. І яно патрабуе зусім іншых і адносін з аўдыторыяй, і ўласных паводзін.

Барыкада зьяўляецца ў жыцьці творцы, які займаецца сучасным мастацтвам, сама па сабе. Я спадзяюся, што калі зьменіцца ўлада, мы і новую ўладу будзем штурхаць гэтак жа, як і сучасную. Ну, можа менш, бо гэта будзе дэмакратычная ўлада. Але я не зьбіраюся пераходзіць на бок улады. Улада заўсёды горшая за людзей.

Дракахруст: Прабачце, я Вас перапыню. А ці ня можа атрымацца так, што разам з сыходам рэжыму зьнікне і мастацтва, галоўны патас якога – змаганьне з гэтым рэжымам?

Халезін: Актуальнае мастацтва ёсьць ва ўсіх краінах, у тым ліку і ў самых дэмакратычных краінах сьвету. І там яно б'е ўладу па патыліцы і па ілбе. Ды ня сыдзе гэтае мастацтва. Можа, нейкія асобныя прадстаўнікі, канфармісты, сыдуць, але на іх месца прыйдуць маладыя, зь яшчэ большымі дубінамі, якія будуць малаціць імі новую ўладу.

Мне таксама ня хочацца інквізытарскага разьбіральніцтва. У мяне такая прапанова: дзеячы контар-культуры зьбіраюцца, складаюць патрабаваньні, потым абіраюць палітыка, якому даручаюць весьці перамовы. І няхай гэты палітык, якога прафэсія – шукаць кампрамісы (у адрозьненьні ад нас), б'ецца за нас. А мы зь яго потым спытаем.

Акудовіч: Алексіевіч мае рацыю – барыкада ня месца для мастака. Але мастак – гэта ня нейкі фантом, а чалавек у рэальным жыцьці. І ў гэтага чалавека ёсьць свая грамадзянская пазыцыя, калі яна, зразумела, у яго ёсьць, нейкія ідэалы і каштоўнасьці, якія ён гатовы адстойваць, а часам нават і абараняць на барыкадах. На барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін.

Праўда, звычайна ён там доўга не заседжваецца, і калі застаецца ў жывых, мастак у ім хутка перамагае грамадзяніна, і ён з барыкады зьбягае да сваёй працы, як многія з нас зьбягалі да сваіх сталоў і майстэрняў з Плошчы.

Але героі нашай гутаркі ніяк не атаясамляюцца з барыкаднымі змагарамі ці з тымі, хто кліча на барыкады. Яны стваральнікі, яны дойліды. Яны ня толькі заканцэптавалі Незалежную Рэспубліку Мроя, яны сваёй творчасьцю стварылі і жыхароў гэтай краіны – вольналюбівых і адважных. Больш за тое, яны, як тры чарапахі з адной зь іх песень, трымалі на сваіх панцырах створаны імі сьвет.

Беларуская рок-музыка 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя для станаўленьня нацыі адыграла тую ж ролю, што і опэры Вагнэра для станаўленьня нямецкай нацыі ў ХІХ стагодзьдзі.

І калі Лявон Вольскі ў "Нашай ніве" зьдзіўляўся, скуль столькі трагедый з таго, што яны схадзілі паглядзець на дываны і вазоны ў адміністрацыі прэзыдэнта – дык значыць ён яшчэ ня хоча зразумець, што адбылося. Шмат для каго сытуацыя ўбачылася трагічнай зусім ня зь іх пікантнай вандроўкі, а з таго, што "тры чарапахі", якія трымалі створаны імі сьвет, пачалі распаўзацца ў розныя бакі.

І таму я яшчэ раз прашу нашых музыкаў падумаць пра адказнасьць, і ня толькі перад сваёй творчасьцю, а перад сьветам, які яны стварылі, і перад тымі, каго яны ў гэты сьвет завабілі. Трагедыя ў тым, што яны самі гэты сьвет могуць і разбурыць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках