25 снежня 2024, Серада, 17:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер выйграў бітву за кефір

7

Блогер Яўген Ліпковіч паставіў на вушы ўрад і дамогся таго, што ў Менску адноўлены выпуск абястлушчанага кефіру. Праблема вырашаная на ўзроўні віцэ-прэм'ера.

Эпічная «бітва за кефір» пачалася ў кастрычніку, у той момант, калі ў гандлёвай сетцы рэзка скараціўся асартымент малочных прадуктаў. Яўген Ліпковіч абышоў некалькі крам, але так і не здолеў купіць абястлушчаны кефір. Пра што распавёў у сваім блогу – lipkovich.livejournal.com. Пасля чаго пачаў паслядоўна «тэрарызаваць» тэлефоннымі званкамі і зваротамі Міністэрства аховы здароўя, Мінэканомікі, гарвыканкам і інш.

– У мяне цукровы дыябет, мне іншы кефір нельга, – распавёў Ліпковіч «Салідарнасці». – Самае цікавае, у дэпартаменце цэнаў мінэканомікі адказваюць: нам пенсіянеры тэлефануюць і кажуць, што ў нас высокія цэны. Але абястлушчанага кефіру няма ні па якіх цэнах, ні па высокіх, ні па нізкіх. Я гэтым пі…асам тлумачу, што з прычыны іх чортавага кефіру і іх некампетэнтнага рэгулявання цэнаў мяне будуць потым лячыць за іх жа рахунак, што абыдзецца дзяржаве значна даражэй, чым гэтыя два літры кефіру, якія я купляю раз у тры дні.

У галоўным упраўленні спажывецкага рынку сталічнага гарвыканкама, да якога таксама дабраўся нястомны Ліпковіч, спачатку ўзялі тайм-аўт, каб высветліць, што адбываецца. Потым ператэлефанавалі і сказалі, што дамовіліся ў краме, і адміністратар пакіне персанальна для Ліпковіча два пакеты кефіру!!!

Настырны блогер на гэтым не спыніўся. Ён датэлефанаваўся да памочніка міністра аховы здароўя і патрабаваў «націснуць на ўрад», каб вырашыць кефірную праблему.

– Як гэта націснуць на ўрад? – ачмурэў памочнік.

– А якім чынам яго можна прымусіць рабіць абястлушчаны кефір? Масавымі расстрэламі на малочных заводах?

– Ой, патэлефануеце галоўнаму тэрапеўту...

Калі кефір, здабыты па пратэкцыі гарвыканкама скончыўся, Ліпковіч арганізаваў флэшмоб. Сутнасць яго была ў наступным: як раз гэтым часам галоўны рэдактар газеты «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч знаходзіўся ў Ізраілі і тлумачыў мясцовым жыхарам, што Аляксандр Лукашэнка не меў на ўвазе нічога дрэннага, калі казаў пра габрэяў.

Апроч усяго іншага спецпасланнік беларускага прэзідэнта адказваў на пытанні чытачоў інфармацыйнага агенцтва «Курсор». З ініцыятывы Ліпковіча на адрас агенцтва паступілі сотні лістоў з пытаннем пра абястлушчаны кефір.

Скончылася гэта ўсё самым непрадказальным. У афіцыйным адказе дэпутацкі запыт з нагоды абястлушчанага кефіру (так, Ліпковіч дабраўся і да палаты прадстаўнікоў) віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза паведаміў, што «з 24 снежня 2007 г. ААТ "Гормолзавод № 2" пачне вытворчасць кефіру нятлустага».

Каб пераканацца ў гэтым, Ліпковіч патэлефанаваў у сераду на вышэйзгаданы завод. Высветлілася, што да выпуску абястлушчанага кефіру там прыступілі датэрмінова – 20 снежня. Такім чынам, распараджэнні ўрада і гарвыканкама падзейнічалі. Праўда, на гормолзаводе лаюцца з нагоды таго, што вытворчасць абястлушчанага кефіру стратная. Маўляў, прадукцыя дрэнна расходзіцца. Аднак гэта кажа хутчэй пра праблемы з арганізацыяй збыту: у шматлікіх крамах абястлушчанага кефіру па-ранейшаму пакуль няма.

Ліпковіч навочна даказаў дзіўную рэч. Пры дапамозе тэлефоннага апарата і асабістай зацятасці шэраговы грамадзянін здолеў вывесці праблему на ўзровень віцэ-прэм'ера і дамагчыся яе рашэння. Выдатны прыклад, як мага і трэба адстойваць свае інтарэсы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках