26 снежня 2024, Чацвер, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці атрымаецца ў Юліі Цімашэнкі зрабіць тое, што не здолеў зрабіць Аляксандр Лукашэнка?

24

Сёння ва Украіне пачалі выдаваць кампенсаванні па ўкладах Ашчадбанка СССР, занесеных да 2 студзеня 1992 года. Кампенсаванне па савецкіх укладаннях было адным з перадвыбарных абяцанняў прэм'ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнкі.

За 100 савецкіх рублёў украінцам абяцаюць кампенсаваць 105 грыўняў, то бок больш як 20 даляраў. Для беларусаў «народны прэзідэнт» Аляксандр Лукашэнка ўсталяваў сваім указам курс абмену: за 100 савецкіх рублёў 199 беларускіх рублёў, што складае 9,3 цэнта. То бок, менш у 215 разоў!

10 студзеня Ощадбанк атрымаў на 2008 год амаль 200 мільёнаў даляраў – першы транш на выплаты грамадзянам даўгоў Ашчадбанка СССР.

Пастанова Кабміна прадугледжвае выплату ў 2008 годзе кампенсаванняў па ўкладаннях, якія абясцэніліся, на агульную суму 6 млрд. грыўняў, у тым ліку непасрэдна самім укладчыкам – 5,76 млрд. грыўняў, а таксама спадчыннікам памерлых укладчыкаў – на суму 0,24 млрд. грыўняў.

Сума 5,76 млрд. грыўняў у аб'ёме да 1 тыс. грыўняў (прыкладна 200 даляраў) на 1 укладчыка (зберажэнні звыш за 1 тысячы грыўняў будуць вернутыя пазней) будзе накіраваная на выплаты кампенсаванняў укладчыкам былога Ашчадбанка СССР, а таксама на выплаты кампенсаванняў па аблігацыях дзяржаўнай мэтавай безатсоткавай пазыкі 1990 года, сертыфікатам Ашчадбанка СССР, дзяржаўным казначэйскім абавязальніцтвам СССР, набытым на тэрыторыі Украінскай ССР.

Кампенсаванні могуць выплачвацца ў наяўнай і безнаяўнай форме ў нацыянальнай або замежнай валюце з магчымасцю залічэння сродкаў па жаданні ўкладчыкаў на дэпазітныя рахункі.

Прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка таксама заявіла, што да 10 лютага будзе вызначаны парадак аплаты тавараў і паслуг у рахунак кампенсавання ўкладанняў у былым Ашчадбанку СССР.

Пасля сцвярджэння механізму аплаты тавараў і паслуг укладчыкі дадаткова да 1 тысячы грыўняў змогуць па жаданні выкарыстаць астатняе ўкладанне на пагашэнне запазычанасці або бягучую аплату паслуг ЖКГ, на аплату адукацыі дзяцей, а таксама на набыццё тавараў працяглага выкарыстання.

Цімашэнка запэўніла, што сыдзе з пасады кіраўніка ўрада, калі за два гады ў яе не атрымаецца вярнуць грамадзянам іх зберажэнні ў Ашчадбанку СССР.

Між іншым, у Беларусі, як мы ўжо пісалі, з укладчыкамі Ашчадбанка СССР разабраліся па-савецку. Дакладней, па-лукашэнкаўску. За 10.000 савецкіх рублёў, на якія ў 1980-я можна было пабудаваць двухпакаёвую кааператыўную кватэру, прапаноўваецца менш за 10 даляраў. Збіралі людзі гадамі на кватэру – атрымайце сёння паўкіло сыравэнджанай каўбасы.

А яшчэ ў 1994 годзе адным з асноўных пунктаў перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі было «кампенсаванне згубленых грашовых укладанняў насельніцтва па курсе рубля-даляра за 1985 год» (то бок, за адзін савецкі рубель адзін даляр ЗША). Прычым Аляксандр Рыгоравіч абяцаў вярнуць частку гэтых укладанняў халадзільнікамі і тэлевізарамі, якіх, дарэчы, сягоння на складах вялізная колькасць.

Ці атрымаецца народнаму прэм'еру Цімашэнцы выканаць абяцанне – пакажа час. «Народны прэзідэнт» беларускіх грамадзян бессаромна падмануў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках