25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада ЗША: Беларусы маюць права на пратэст

4
Амбасада ЗША: Беларусы маюць права на пратэст

Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі асудзіла затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску, а таксама "жорсткае абыходжанне" з імі. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, размешчаным на афіцыйным сайце амбасады ЗША.

Затрыманні, арышты і прысуды Анатолю Лябедзьку, Анатолю Шумчанку, Вячаславу Сіўчыку і іншым грамадскімі актывістам "былі накіраваныя на тое, каб перашкодзіць ім скарыстацца сваімі грамадзянскімі і чалавечымі правамі", адзначаецца ў прэс-рэлізе. Жорсткі зварот з затрыманымі, мірнымі дэманстрантамі, "парушае асноўныя свабоды выказвання і сходаў", заяўляе амбасада.

Дыппрадстаўніцтва ЗША заклікае ўлады "дазволіць беларускім грамадзянам удзельнічаць у мірных дэманстрацыях без пераследу, умяшання і пагроз". "Акрамя таго, мы працягваем заклікаць праваахоўныя сілы выказваць стрыманасць у дачыненні дэманстрантаў. Як і раней, амбасада занепакоеная з нагоды становішча ўсіх зняволеных, якія затрымліваюцца па палітычна матываваных абвінавачваннях, і заклікае да іх неадкладнага вызвалення", – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Нагадаем, арышты ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў таксама асудзіў Еўразвяз. У заяве камісара ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер падкрэсліваецца, што Еўразвяз патрабуе ад Беларусі "прыняць сур'ёзныя меры па дэмакратызацыі і павазе правоў чалавека, уключна права грамадзян мірна выказаць свае думкі".

Нагадаем, у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ўзялі ўдзел больш як тры тысячы чалавек, з іх 27 былі затрыманыя і 23 – асуджаныя. Мітынгоўцы выступалі супраць падпункта 1.1 указу прэзідэнта № 760 ад 29 снежня 2006 года, які дазваляе ІП наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках