26 снежня 2024, Чацвер, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кангрэсе ЗША абмяркоўваюць сітуацыю ў Беларусі

34
У Кангрэсе ЗША абмяркоўваюць сітуацыю ў Беларусі

Кіраўнік Хельсінкскай камісіі ЗША, кангрэсмен Элсі Гасцінгс падвергнуў жорсткай крытыцы сітуацыю ў Беларусі, выступаючы 15 студзеня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Палітык паведаміў пра факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі, арышты лідэраў апазіцыі, разгон мірных дэманстрацый, а таксама блакаванне незалежных Інтэрнэт-рэсурсаў Хартыі’97 і радыё «Свабода».

«На жаль, апошнія падзеі ў краіне былі вельмі расчаравальнымі і не абяцаюць нічога добрага для дэмакратычнай будучыні Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што спадар Лукашэнка спыніць ізаляцыю сваёй краіны, выкліканую ўласнымі дзеяннямі», – сказаў Элсі Гасцінгс.

Кіраўнік Хельсінкскай камісіі нагадаў, што моладзевы лідэр Зміцер Хведарук быў збіты падчас акцыі «За незалежную Беларусь!» і дастаўлены ў шпіталь у непрытомным стане. Пракуратура адмовілася адкрыць крымінальную справу па факце збівання актывіста.

4 студзеня лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку быў забаронены выезд за мяжу. Пасля акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня палітык быў прысуджаны да 15-дзённага зняволення, як і іншыя дэмакратычныя актывісты і прадпрымальнікі. Некаторыя ўдзельнікі пратэсту былі збітыя падчас арышту. Таццяна Цішкевіч, якая была жорстка збітая, і на судзе прадэманстравала сваю залітую крывёй куртку, была прысуджаная да 20 сутак арышту. Арсеній Пахомаў, фотарэпарцёр «Нашай Нівы», быў таксама прысуджаны да 15 сутак арышту.

Старшыня Хельсінкскай камісіі таксама адзначыў, што 10 студзеня, у дзень мітынгу, сайты Хартыі’97 і радыё «Свабода», якія асвятляюць сацыяльную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі, былі блакаваныя ўладамі.

Элсі Гасцінгс паведаміў, што гэтыя рэпрэсіі былі здзейсненыя пасля прысуду актывісту «Маладога Фронту» Артуру Фінькевічу (ён быў прысуджаны да 1,5 гадоў калоніі), суду над незалежнай газетай «Новы час», пасля крокаў па ліквідацыі апазіцыйнай камуністычнай партыі. Акрамя гэтага, адзначыў кіраўнік Хельсінкскай камісіі, баптысцкі пастар Юры Краўчук быў аштрафаваны за «пазапраўную рэлігійную дзейнасць». «Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе перад правядзеннем рэлігійнага мерапрыемства павінна быць абавязкова атрыманая рэгістрацыя», – адзначыў амерыканскі палітык.

Кіраўнік Хельсінкскай камісіі ЗША, кангрэсмен Элсі Гасцінгс лічыць, што ў новым годзе тое, што адбываецца ў Беларусі таксама не абнадзейвае. Адміністрацыя Лукашэнкі адхіліла прапанову апазіцыі правесці перамовы, датычныя правядзення парламенцкіх выбараў у 2008 годзе згодна з дэмакратычнымі стандартамі, адзначыў ён.

«Я вельмі спадзяюся, што спадар Лукашэнка спыніць ізаляцыю сваёй краіны, выкліканую ўласнымі дзеяннямі (апошняе з якіх – пагрозы выгнаць з краіны амбасадара ЗША Карэн Сцюарт), і сур'ёзна задумаецца над прапановамі ЗША і Еўразвязу аб супрацоўніцтве, якое будзе мець месца ў выпадку, калі Беларусь вызваліць палітвязняў і выявіць павагу да асноўных дэмакратычных нормаў», – адзначыў старшыня Хельсінкскай камісіі ЗША.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках