3 траўня 2024, Пятніца, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз катэгарычны: ніякага супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі без вызвалення палітвязняў

Еўразвяз катэгарычны: ніякага супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі без вызвалення палітвязняў

Чарговы раунд перамоваў экспертаў Беларусі і Еўразвяза праходзіць выключна на тэхнічным, а не палітычным узроўні. «У Беларусі пакуль няма ўмоў для прагрэсу ў стасунках Еўразвяза і афіцыйнага Менска», – заявіла прэс-сакратарка камісара ЕЗ па знешняй палітыцы і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Крысціяна Хоман.

Паводле яе слоў, «бакі толькі абменьваюцца меркаваннямі аб магчымым супрацоўніцтве ў выпадку прагрэсу Беларусі ў галіне дэмакратызацыі».

28-29 студзеня ў Менску прайшлі перамовы экспертнай групы Еўракамісіі па транспарце і энергетыцы, адбыліся сустрэчы ў міністэрствах транспарту і камунікацый і энергетыкі, нагадваюць "Белорусские новости".

Тэхнічныя перамовы экспертаў Беларусі і Еўразвяза адбыліся ў Менску ўжо другім разам. Пры тым, што міністэрствы розныя, тэма адна – магчымасці супрацоўніцтва бакоў, калі наладзяцца стасункі паміж Брусэлем і Менскам. «Калі», падкрэслівае ЕЗ і зважае на 12 рэкамендацый.

Першая сустрэча экспертаў ЕЗ і Беларусі адбылася ў чэрвені 2007 года. Наступную планавалася правесці ў кастрычніку, аднак Брусэль прыняў рашэнне аб яе пераносе на нявызначаны час у сувязі з арыштамі ў Беларусі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі па палітычных матывах у жніўні і верасні.

Фармат такіх экспертных сустрэч не прадугледжвае падпісанне якія-небудзь пратаколаў або пагадненняў. «Мы заўсёды зважаем беларускім уладам, што стратэгія ЕЗ, якая была вызначаная ў лістападзе 2006 года, агаворвае ўмовы, пры якіх наша ўзаемадзеянне можа быць пашыранае», – заяўляе прэс-сакратар камісара па знешняй палітыцы.

Па словах Крысціяны Хоман, умовы добра вядомыя афіцыйнаму Менску – гэта 12 рэкамендацый з стратэгіі па Беларусі. Хоман асобна вылучыла прагрэс у галіне дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды СМІ.

«Але на сёння умоваў для пашырэння стасункаў няма», – гаворыць прадстаўнік ЕЗ.

Ініцыятывам візавага характару і забеспячэння свабоды перамяшчэння Еўракамісія «заўсёды гатовая ісці насустрач», але каб пачаць такія перамовы, неабходнае пагадненне аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў і рэадмісіі (Visa Facilitation and Readmission Agreement).

З Беларуссю такое пагаднення не падпісанае, без яго перамовы аб паніжэнні кошту віз немагчымыя, падкрэсліла Хоман. Паводле яго слоў, пагадненне аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў таксама звязанае з 12 рэкамендацыямі. «Вырашэнне большасці пытанняў, у тым ліку і візавага, залежыць ад прагрэсу беларускага боку ў галіне дэмакратызацыі», – гаворыць прадстаўнік ЕЗ.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках