Даўжнікоў могуць не выпусціць з Беларусі
4- 4.01.2008, 8:36
У міністэрства ўнутраных спраў Беларусі нібыта паступаюць лісты з патрабаваннямі не выпускаць з краіны даўжнікоў. Пра гэта піша «Советская Белоруссия».
Намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Анатоль Ланін кажа, што амаль кожны дзень такога чыну лісты прыходзяць у міністэрства. У гэтым звязку Анатоль Ланін заклікаў аўтараў лістоў звяртацца не ў МУС, а ў суд.
"Выканаць гэтую просьбу мы ні ў якім разе не можам: у "чорны спіс" невыязных трапляюць выключна падследныя, асуджаныя, адказчыкі па грамадзянскіх пазовах, хавальнікі дзяржаўнай тайны, "ухілісты" ад службы ў войску, неплацельшчыкі аліментаў і крэдытаў, у дачыненні якіх – падкрэсліваю! – ёсць судовае рашэнне", – растлумачыў Анатоль Ланін.
"Таму, калі хтосьці адмаўляецца вяртаць вам доўг і збіраецца "збегчы" ад абавязальніцтваў за мяжу, раю звяртацца не да нас, а ў суд. І хутчэй!", – заявіў Анатоль Ланін.