24 лiстапада 2024, Нядзеля, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Камуналка» падаражэе мінімум на 20 даляраў

3

Урад абяцае ўтрымаць у 2008 годзе рост жыллёва-камунальных тарыфаў у межах пяці даляраў. Аднак, як лічаць незалежныя эканамісты, гэтае абяцанне наўрад ці атрымаецца выканаць, улічваючы падаражанне імпартуемых энергарэсурсаў.

Рост цэнаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) у 2008 годзе не перавысіць усталяванага кіраўніком дзяржавы паказчыку ў пяць даляраў, заявіў 19 снежня міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Белахвостаў. Ён паведаміў, што праект пастановы, які прадугледжвае адначасовае падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ у межах гэтага паказчыку, знаходзіцца на разглядзе Савета міністраў, адзначаюць «Белорусские новости».

Па словах У.Белахвостава, такое стрымліванне росту цэнаў на тарыфы пагражае стратамі прадпрыемствам жыллёва-камунальнай сферы, таму ім будуць павялічаныя дзяржаўныя датацыі. Такім чынам, падкрэсліў міністр, асноўны цяжар пакрыцця нарастальных выдаткаў ад падвышэння цэнаў на энерганосьбіты дзяржава возьме на сябе. Пры гэтым ён адзначыў, што прадпрыемствам энергетыкі "таксама неабходна шукаць крыніцы фінансавання на рэалізацыю інвестыцыйных праграм".

Між іншым вядома, што ў спецыялістаў Міністэрства эканомікі былі іншыя цэнавыя разлікі. У прыватнасці, на семінары "Эканамічны кантэкст беларускай сацыяльнай палітыкі", які праходзіў у Менску 11 снежня, загадчык аддзелам Навукова-даследчага інстытута эканомікі Мінэканомікі Аляксандр Мацяс заяўляў, што ліміт росту тарыфаў ЖКГ у 2008 годзе прагназуецца на ўзроўні 20 даляраў для двухпакаёвай кватэры.

Паводле яго слоў, у апошнія гады "падвышэнне цэнаў на энерганосьбіты было нераўнамерна размеркаванае: асноўны ўдар прыйшоўся па рэальным сектары, жыллёва-камунальнай гаспадаркі", таму ў наступным годзе сітуацыю неабходна выпраўляць.

"Пакуль мяркуецца кошт паслуг ЖКГ падвысіць на 20 даляраў, але як будзе насамрэч, залежыць ад таго, пра якую цану на газ на наступны год дамовяцца", – сказаў А.Мацяс. Акрамя таго, адзначыў ён, у горшы для Беларусі бок змяняюцца ўмовы пастаўкі нафты, а гэта значыць, што насельніцтву давядзецца плаціць усё больш.

Па словах спецыяліста, некаторыя крокі ў гэтым кірунку ўладамі ўжо зробленыя: ліквідаваныя сацыяльныя ільготы, падвышаецца кошт праезду ў транспарце. "Нагрузка на насельніцтва і далей будзе ўзрастаць", – рэзюмаваў А.Мацяс.

Эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту (ІПМ) Аляксандр Чубрык схільны больш давяраць словам прадстаўніка НДІ эканомікі, чым міністра ЖКГ.

"Магчыма, вядома, пасля візіту ў Менск Уладзіміра Пуціна і выдзялення Расеяй дзяржаўнага крэдыту ў міністра з'явіўся больш аптымістычны погляд на сітуацыю. Але гэта ўсяго толькі дэкларацыя. У рэальнасці, я думаю, рост цэнаў на паслугі ЖКГ перавысіць 5-даляравы паказчык. У гэтым плане я больш давяраю разлікам Мінэканомікі", – сказаў эксперт.

Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер насельніцтва пакрывае 34% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Меркавалася, што цалкам пакрыць выдаткі прадпрыемстваў ЖКГ грамадзяне змогуць да 2015 года. Аднак урад змушаны ўлічваць і распараджэнне кіраўніка дзяржавы аб недапушчальнасці павелічэння тарыфаў ЖКГ больш як на 5 даляраў у год.

Прадстаўнікі ўрада не раз заяўлялі пра неабходнасць адмовы ад прынцыпу крыжаванага субсідавання ў жыллёва-камунальнай сферы, пры якім льготныя тарыфы для насельніцтва забяспечваюцца за кошт дадатковай тарыфнай "даніны" з прадпрыемстваў. Распрацаваная ў 2005 годзе Канцэпцыя энергетычнай бяспекі прадугледжвае, апроч сыходу ад практыкі крыжаванага субсідавання, ліквідацыю льготнага субсідавання асобных прамысловых прадпрыемстваў і пераход на рэальныя тарыфы для ўсіх катэгорый плацельшчыкаў.

У рэальнасці ж рэфармаванне галіны ЖКГ не вядзецца. "Перш чым адмовіцца ад практыкі крыжаванага субсідавання, неабходна забяспечыць прымальны ўзровень жыцця грамадзян, стварыць народную гаспадарку, якая нармальна функцыянуе, – адзначыў А.Чубрык. – Відавочна, што сабекошт паслуг ЖКГ будзе расці, і без эканамічных рэформ крыжаванае субсідаванне будзе захоўвацца, інакш спажыўцы проста не змогуць гэтыя паслугі аплачваць".

Пры адносна невысокіх цэнах на нафту і газ урад мог сабе дазволіць не займацца рэфармаваннем энергетычнага сектара, але падаражанне імпартаваных энергарэсурсаў прымушае пераглядаць эканамічную палітыку, у тым ліку ў жыллёва-камунальнай сферы. Таму, лічаць аналітыкі, істотнага росту тарыфаў на паслугі ЖКГ не пазбегнуць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках