Лябедзька: «На фоне Беларусі выбары ў Грузіі прайшлі супердэмакратычна»
- 8.01.2008, 16:34
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі лічыць, што датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Грузіі мелі недахопы, але на фоне Беларусі прайшлі вельмі дэмакратычна. На думку Анатоля Лябедзькі, пра дэмакратычнасць выбараў у Грузіі сведчыць той факт, што АБСЕ і Рада Еўропы прызналі іх такімі. Беларусі ў гэтым плане да Грузіі, лічыць лідэр АГП, вельмі далёка.
"Я слаба веру ў тое, што ў Беларусі калі-небудзь прэзідэнт на час выбараў сыдзе ў водпуск, што ў кожнай выбарчай камісіі будзе прысутнічаць прадстаўнік апазіцыйнай партыі і альтэрнатыўнага кандыдата", - растлумачыў сваю пазіцыю апазіцыйны палітык.
"Зразумела, калі казаць пра тое, на якім узроўні праходзяць выбары ў Нямеччыне або Швейцарыі, то ў грузінскіх выбараў ёсць недахопы. Але калі параўноўваць з Беларуссю — выбары прайшлі супердэмакратычна", - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН Анатоль Лябедзька.
Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч лічыць, што "ніякіх нечаканасцяў на грузінскіх выбарах не адбылося".
"Зразумела, былі нейкія парушэнні падчас гэтых выбараў, але я не лічу, што яны змаглі паўплываць на волевыяўленне грузінскага народа. І тое, што Саакашвілі, па вялікім рахунку, перамог, — гэта заканамерна", — сказаў Анатоль Ляўковіч.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч мяркуе, што прэзідэнцкія выбары ў Грузіі практычна ніяк не паўплываюць на беларуска-грузінскія стасункі, перадае «Тэлеграф».
"Нічога ў стасунках Беларусі і Грузіі не зменіцца. Адзінае — беларускаму прэзідэнту давядзецца быць больш стрыманым у сваіх выказваннях у дачыненні Саакашвілі. Што тычыцца іншых момантаў у беларуска-грузінскіх стасунках, то яны застануцца на тым узроўні, на якім былі і да выбараў", — лічыць Алесь Міхалевіч.