26 снежня 2024, Чацвер, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рашэнне Еўразвяза -- здрада, калабарацыянізм і крывадушнасць

35
Рашэнне Еўразвяза -- здрада, калабарацыянізм і крывадушнасць

«Дзеянні Еўразвяза маюць дакладнае азначэнне і дакладныя аналогіі ў гісторыі. Гэта называецца супакаенне дыктатара. Так Еўропа паводзіла сябе ў 30-я гады ў адносінах да Гітлера, а ў наступстве ў адносінах да іншых дыктатараў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і Сярэдняй Азіі», -- заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Па меркаванні палітыка, рашэнне ЕЗ аб зняцці візавых абмежаванняў з Аляксандра Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў, хутчэй за ўсё, будзе мець зусім не тыя наступствы, на якія разлічваюць некаторыя еўрапейцы.

«Рэжым Лукашэнкі не ўспрыме гэта як сігнал добрай волі, а расцэніць, як слабасць Еўропы і як прызнанне таго, што ў краіне тварыцца беззаконне і беспакаранасць людзей ад улады», -- упэўнены Саннікаў.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» адзначае, што на саміце кіраўнікоў МЗС Еўразвяза, дзе прынятае рашэнне аб зняцці візавых санкцый супраць чыноўнікаў рэжыма Лукашэнкі, нават не абмяркоўвалася пытанне аб паніжэнні кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі.

«На самой справе Еўразвяз прыняў рашэнне аб выдачы бясплатных віз самым адданым абаронцам рэжыма, а аб простых беларусах забыўся. Грамадзяне Беларусі па-ранейшаму будуць плаціць вялікія грошы за магчымасць з'ездзіць у Еўропу і выстойваць за візамі ў велізарных чэргах, а чыноўнікі са спісу будуць атрымліваць бясплатныя візы ў свае дыппашпарты без усякіх праблем. Не думаю, што еўрапейцы настолькі наіўныя, каб не разумець, што менавіта іх дзеянні падаўжаюць жыццё дыктатуры. Менавіта за кошт іх крэдытаў і інвестыцый рэжым пасля адмены абмежаванняў разлічвае цалкам легалізавацца на еўрапейскіх рынках, застаючыся такім жа закрытым для кантролю з боку грамадзян Беларусі. Хутчэй за ўсё, еўрапейцы, цалкам праваліўшыся ў сваёй палітыцы ў адносінах да Расеі, імкнуцца ў тэрміновым парадку стварыць буферную дзяржаву паміж аб'яднанай Еўропай і Расейскай Федэрацыяй. Нездарма адначасова з рашэннем па Беларусі былі адмененыя санкцыі супраць рэжыма Карымава. Да чаго гэта прыводзіць, мы таксама добра ведаем з гісторыі», -- адзначае Саннікаў.

Палітык перакананы: «Рашэнне, якое ў Люксембурзе прынялі міністры замежных спраў Еўразвяза, дэманструе тое, што ў Еўропе сёння няма ні маральнага лідэра, ні маральнага лідэрства якой бы то ні было дзяржавы».

Саннікаў лічыць, што для беларускіх дэмакратаў гэта азначае адно: «Мы яшчэ актыўней павінныя абараняць тыя прынцыпы, на якіх і ўзнік Еўразвяз, нягледзячы на здраду, калабарацыянізм і крывадушнасць. Гэтыя прынцыпы простыя, але без іх у нас не будзе ні свабоды, ні дзяржавы. Гэта безумоўнае захаванне правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды выбару для ўсіх. Прадстаўнікі рэжыма Лукашэнкі і ён сам адкрыта заяўляюць, што яны не плануюць інтэграваць Беларусь у Еўразвяз. Мы жа павінныя рашуча заявіць, што толькі ў Еўразвязе мы зможам абараніць свае правы і абараніць сваю дзяржаву. Я веру, што грамадская думка ў Еўропе на нашым баку і ўсе пабудовы сённяшніх еўрапейскіх палітыкаў, якія засноўваюцца на пустых абяцаннях беларускага рэжыма, вельмі хутка выявяць сваю безгрунтоўнасць».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках