24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады сталі пераследаваць пенсіянераў

5

Чыноўнікі аказваюць ціск на ўдзельнікаў устаноўчага з'езду рэспубліканскага грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне».

Аб гэтым заявіла БелаПАН кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэнні аб'яднання Таццяна Зелка.

Па ейных словах, супрацоўнікі ўпраўленняў юстыцыі Брэсцкага і Віцебскага аблвыканкамаў, чыноўнікі шэрагу райвыканкамаў тэлефануюць сябрам ініцыятыўнай групы і прапаноўваюць з'явіцца ў выканаўчыя камітэты.

"У пажылых людзей, шматлікім з якіх ужо за 70 гадоў, чыноўнікі цікавяцца мэтамі і задачамі аб'яднання, складам ягонага кіраўніцтва і іншымі арганізацыйнымі пытаннямі, звязанымі з правядзеннем з'езду. Прычым чыноўнікі прапаноўваюць пенсіянерам падпісаць паперу невядомага зместу. У шэрагу выпадкаў чыноўнікі выяўляюць непавагу да пажылых людзей. Мы асцерагаемся за здароўе сваіх калегаў, якія могуць пацярпець ад такіх гутарак. Так, у аднаго з ініцыятараў аб'яднання з Брэсцкай вобласці пасля тэлефоннай гутаркі з чыноўнікам здарыўся сардэчны прыступ, які, да шчасця, не прывёў да цяжкіх наступстваў. Пры гэтым ні адзін з сябраў устаноўчага з'езду не атрымаў афіцыйнае пісьмовае запрашэнне на сустрэчу з чыноўнікамі", — распавяла Т.Зелка.

Па ейным меркаванні, "такія перадузятыя дзеянні чыноўнікаў сведчаць аб тым, што Міністэрства юстыцыі шукае прычыну для адмовы ў рэгістрацыі". "Варта падкрэсліць, што прадстаўнікі Мінюста не ўдзельнічалі ва ўстаноўчым з'ездзе, нягледзячы на нашае запрашэнне", — адзначыла Т.Зелка. Па ейных словах, дакументы на рэгістрацыю аб'яднання былі пададзеныя ў Мінюст 16 верасня.

Нагадаем, 17 жніўня ў Менскай вобласці адбыўся ўстаноўчы з'езд аб'яднання "Наша пакаленне", у якім удзельнічалі 78 пенсіянераў з Менска і ўсіх абласцей краіны, акрамя Гарадзенскай. Яны прынялі статут і праграму арганізацыі, абралі кіравальныя органы.

Праграма змяшчае прапановы па пенсійнай рэформе. Яна накіраваная на змену заканадаўства з мэтай захавання памеру пенсій працуючыхі зняволеным пенсіянерам, а таксама на спрашчэнне сістэмы разліку пенсій.

Шматлікія з тых, хто ўвайшоў у склад новай арганізацыі, у 2005—2006 гадах ужо спрабавалі стварыць рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне пенсіянераў "Старэйшыны". Тады Мінюст адмовіў заяўнікам у рэгістрацыі арганізацыі, беспаспяховай апынулася і спроба абскардзіць гэтую адмову ў Вярхоўным судзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках