26 чэрвеня 2024, Серада, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Анціпенка: Тэма «выбараў» была маргінальнай

«Асвятленне ў дзяржаўнай прэсе «парламенцкіх выбараў» было «млявае, нецікавае і недраматычнае», - заявіў медыяэксперт Алесь Анціпенка, прэзэнтуючы 16 кастрычніка журналістам выніковы даклад «Асвятленне «парламенцкіх выбараў» у беларускіх СМІ».

Падчас маніторынгу адсочвалася 20 СМІ: тэлевізійныя і радыёпраграмы, рэгіянальная і агульнарэспубліканская прэса, інтэрнэт-версіі дзяржаўных і недзяржаўных выданняў. Маніторынг праводзіўся з 21 ліпеня па 12 кастрычніка 2008 года, паведамляе БелаПАН.

«Дзяржаўныя СМІ надзвычай невыразна асвятлялі выбарчую кампанію і не прыцягвалі да яе належнага ўвагі. Час і плошча, якія адводзілі дзяржаўныя СМІ перадвыбарчай тэматыцы, былі значна меншыя ці параўнальныя з той плошчай, якая адводзілася на прагноз надвор'я. Самы выразны прыклад — у перыяд з 1 па 15 жніўня Гомельскае абласное радыё адвяло тэме «выбараў» часу ў 12 раз менш, чым прагнозу надвор'я», — сказаў Алесь Анціпенка.

«Гэта азначае, што выбарчая тэматыка фактычна маргіналізавалася, што «выбары» не былі найважнейшай і найгалоўнейшай падзеяй палітычнага жыцця краіны. Гэта значыць, што палітычнае жыццё нашай краіны фактычна не з'яўляецца важнай тэмай для дзяржаўных СМІ», — лічыць эксперт.

Згодна з яго словамі, паводле асвятлення выбараў у дзяржаўных СМІ гэтая выбарчая кампанія паказала «селектыўнасць» усяго выбарчага працэсу.

«У цэнтр увагі дзяржаўных СМІ траплялі пяць ці шэсць суб'ектаў выбарчага працэсу. Пры гэтым прэзідэнту і ЦВК надавалася найбольшая ўвага. Дзяржаўныя СМІ не арганізавалі якіх-небудзь дэбатаў, яны не з'яўляліся форумам для выбаршчыкаў, гаворка ішла не пра розныя палітычныя платформы, а ўвага выбаршчыкаў канцэнтравалася на дасягненнях мясцовай улады ці беларускага ўрада», — сказаў А.Анціпенка.

«У беларускіх электронных СМІ не з'явілася ні воднай перадачы, прысвечанай непасрэдна выбаршчыкам, іх меркаванню, іх пункту гледжання», — канстатаваў эксперт.

«Такім чынам, дзяржаўныя медыі нічым не дапамаглі звычайным грамадзянам у тым, каб яны на падставе ўсебаковай інфармацыі з розных крыніцаў, рознабаковых каментароў маглі б зрабіць свой выбар», — лічыць А.Анціпенка.

«Дзяржаўныя СМІ звялі да мінімуму палітычную канкурэнцыю паміж рознымі палітычнымі сіламі і тым самым выключылі выбаршчыкаў з палітычнай барацьбы», — канстатаваў медыяэксперт.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках