23 лiстапада 2024, Субота, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы памятаем. Акцыі салідарнасці прайшлі ў Беларусі (Абноўлена, фота)

3
Мы памятаем. Акцыі салідарнасці прайшлі ў Беларусі (Абноўлена, фота)

16 кастрычніка, у Дзень беларускай салідарнасці, у Менску прайшлі акцыі ў памяць аб выкрадзеных і забітых у Беларусі лідэрах апазіцыі.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі ў цэнтры горада некалькі акцый: яны вышлі на вуліцы з партрэтамі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зміцера Завадскага.

Акцыі прайшлі на праспекце Незалежнасці каля кінатэатра «Цэнтральны», на Нямізе, ва Ўруччы, на перакрыжаванні вуліц Даўгаброцкая і Ўральская, каля кінатэатра «Беларусь». Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» таксама трымалі ў руках транспаранты са словамі: «Шэйман, Навумаў, Сівакоў, Паўлічэнка падазраюцца Саветам Еўропы ў выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі». Удзельнікі акцый таксама трымалі ў руках партрэты актывістаў, асуджаных на «Працэсе-14»за ўдзел у пратэстах прадпрымальнікаў.

«Два месяцы таму, дзякуючы акцыям салідарнасці і ціску міжнароднай супольнасці была вызваленая частка беларускіх вязняў сумлення. Аднак рэпрэсіі супраць апазіцыі не спыніліся, а, наадварот, узмацніліся. Падчас нядаўняй «выбарчай кампаніі» зафіксавана больш за сотні выпадкаў рэпрэсій супраць актывістаў кампаніі "Байкот". У Беларусі засталіся палітвязні - моладзевыя актывісты асуджаныя за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Цяпер яны знаходзяцца фактычна пад хатнім арыштам, у бліжэйшай перспектыве ім пагражае рэальны турэмны тэрмін. Таксама нельга забываць аб тым, што дагэтуль не праведзенае расследаванне знікненняў лідэраў апазіцыі, а людзі, якіх падазраюць у іх знікненнях, па-ранейшаму займаюць дзяржаўныя пасады.

Мы працягваем выходзіць на вуліцы ў Дзень салідарнасці з патрабаваннямі вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсій супраць актывістаў апазіцыі і правядзення незалежнага расследавання знікненняў вядомых грамадскіх дзеячоў. Пакуль гэтага не адбудзецца, казаць аб лібералізацыі і дэмакратызацыі рэжыма глупа», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

Акцыі салідарнасці адбыліся ўчора таксама ў рэгіёнах Беларусі: Полацку, Салігорску, Барысаве, Жодзіна, Мазыры, Берасці, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах. Пікеты каля беларускіх амбасад прайшлі ва многіх гарадах свету.

16 кастрычніка споўнілася тры гады, як у Беларусі сталі праходзіць акцыі салідарнасці з сем'ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў беларускай апазіцыі.

Два месяцы таму з турмаў былі вызваленыя палітвязні экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы актывіст Андрэй Кім, лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

Але на гэтым спіс палітвязняў не скончваецца. За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 10 актывістаў апазіцыі -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў адмысловыя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.

Ініцыятарамі Дзён беларускай салідарнасці тры гады таму сталі лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красовская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім. Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года, ва ўгодкі знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць аб зніклых і адабрала ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім падняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціўлення дыктатуры.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках