24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін у Беларусі не патаннее (абноўлена)

14

Кошты на бензін у суседняй Літве знізіліся. На сусветным рынку адзначаецца рэзкае падзенне коштаў на нафту. І толькі ў Беларусі ўсё застаецца па-ранейшаму.

Па сцвярджэнні экс-старшыні ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслава Багданкевіча, кошт на бензін у краіне вызначаецца ўладамі, піша газета «Салідарнасць».

«Ён, вядома ж, мог бы быць і ніжэйшым, паколькі сусветны кошт на сырую нафту зніжаецца, барэль каштуе ўжо не 140 і больш даляраў, а менш за 90, таму нашым уладам таксама варта было б кошты зніжаць. Але яны пакуль гэтага не робяць, таму што экспартная пошліна ад продажу нафты ідзе ў бюджэт... Нажаль, паніжэння коштаў на бензін, хутчэй за ўсё, чакаць не прыйдзецца», - лічыць прафесар.

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што беларускім уладам трэба «затыкаць дзірку» адмоўнага балансу бягучага рахунку — 3 мільярды даляраў на год.

«Прыцягненне знешніх крэдытаў летась было даволі істотным — больш за 6 мільярдаў даляраў. І гэтыя крэдыты на 70-75% кароткатэрміновыя. Краіна, уключаючы прадпрыемствы і камерцыйныя банкі, павінная вяртаць іх ужо сёлета. А запазычаных грошай сёлета менш, чым у мінулым. Чысты прыток іх летась быў каля 3 мільярдаў даляраў, а за першае паўгоддзе гэтага года — толькі 120 мільёнаў. «Напружанка» у нас з фінансамі», - кажа эканаміст.

Па словах Леаніда Злотнікава, сёння беларускім уладам пазарэз патрэбныя крыніцы паступлення грашовых рэсурсаў. Трэба разлічвацца са знешнімі пазыкамі. Так што паніжэння коштаў на бензін не прадбачыцца.

Міністр эканомікі: Беларусь пакуль не плануе зніжаць кошты на нафтапрадукты

Беларусь пакуль не плануе зніжаць кошты на ўнутраным рынку на нафтапрадукты, паведаміў сёння журналістам у Менску міністр эканомікі Мікалай Зайчанка.

"Пакуль ніякіх пераглядаў у бок памяншэння коштаў мы не плануем", - паведаміў ён. Міністр аргументаваў дадзеную пазіцыю стратнасцю паставак нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак у цяперашні час. "Толькі за кошт экспартных паставак вытрымліваецца баланс", - заўважыў ён.

Кажучы аб экспарце беларускіх нафтапрадуктаў, М.Зайчанка сказаў, што Мінэканомікі пакуль не адзначае рэзкага скарачэння яго аб'ёмаў, нягледзячы на сусветную тэндэнцыю паніжэння попыту на іх з-за падзення сусветных коштаў на нафту. "Рэзкага памяншэння аб'ёмаў мы не бачым, прынамсі, нават пакуль такіх тэндэнцый няма. Хаця коштавыя тэндэнцыі ідуць уніз", - сказаў міністр.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках