25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актораў Купалаўскага тэатра выклікалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі

10

Жарсці, якія кіпелі ў Купалаўскім тэатры, не супакоіліся. Курыраваць працэс нармалізацыі адносінаў падахвоціўся цяперашні вядучы ідэолаг адміністрацыі прэзідэнта Ўсевалад Янчэўскі.

Ён меў гутарку з дырэктарам тэатра Мікалаем Кірычэнкай, а пасля доўгую гутарку з адным з вядучых актораў тэатра -- Андрэем Гладкім, паведамляе блогер kilgor-trautt.

Як высвятлілася, яшчэ да цяперашняга канфлікту акторка Алена Іваннікава напісала ліст у адміністрацыю Лукашэнкі аб гаротным становішчы ў тэатры – бедным рэпертуары, сыходзе вядучых актораў і мізэрных заробках. Рэзананс ад дасланага ліста супаў з пазапланавым экстраным сходам трупы 1 кастрычніка, на якім шматлікія прэтэнзіі былі агучаныя. Да прыкладу, актор Аляксандр Малчанаў уступіўся за Мікалая Пінігіна, прысутнасць якога ў тэатры зараз "не рэкамендаваная" кіраўніцтву Купалаўскага тэатра Міністэрствам культуры. Кіраўніцтва тэатра і само не планавала супрацоўнічаць з Пінігіным пасля таго, як ён у сэрцах пасварыўся з дырэктарам і мастацкім кіраўніком падчас банкета, прысвечанага сдачы спектакля "Пінская шляхта".

Наступным крокам Усевалада Янчэўскага стаў выклік у адміністрацыю Лукашэнкі трох вядучых актораў тэатра, якія, не бачачы перспектываў пры цяперашнім кіраўніцтве, перайшлі на палову стаўкі: Аляксандра Маўчанава, Святланы Зелянкоўскай і Ганны Хітрык. Не вельмі зразумела, кіруючыся якімі нарматыўнымі актамі Усевалад Янчэўскі "выклікае" да сабе ў кабінет актораў для правядзення гутаркі. Хутчэй за ўсё, гэта праверка характараў на трываласць -- ці змогуць яны выстаяць перад падобным запрашэннем. Да прыкладу, беларускія рок-музыкі перад гэтай спакусай не выстаялі, і вынік мы змаглі назіраць на працягу некалькіх месяцаў. Выклік актораў запланаваны на 14.00 2 кастрычніка.

Цікаўна, што ні дырэктар тэатра, ні мастацкі кіраўнік не змаглі нічога супрацьпаставіць прэтэнзіям маладых актораў на сходзе трупы. І гэта натуральна -- Купалаўскі тэатр ужо даўно "не паднімаўся да ўзроўня творчага крызісу". У рэпертуары тэатра цалкам адсутнічае сучасная драматургія, рэжысура знаходзіцца на ўзроўні "адкрыццяў" 70-х гадоў, а геаграфія рэдкіх гастроляў не выходзіць за межы былога Савецкага саюза. Што будзе з галоўным нацыянальным тэатрам далей -- залежыць шмат у чым ад мадэлі паводзінаў, абранай маладымі акторамі Купалаўскага.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках