25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Хітрык: «Я не разумею, што ад мяне хочуць пачуць у Адміністрацыі Лукашэнкі»

2

1 кастрычніка акторы менскага тэатра імя Янкі Купалы ўзнялі супраць свайго кіраўніцтва сапраўдны бунт. Выпадковай падставай для канфлікту стаў намер генеральнага дырэктара тэатра Мікалая Кірычэнкі спагнаць з Алега Гарбуза няўстойку за адменены спектакль “Дзіўная місіс Сэвідж”, на які актор днямі не з’явіўся.

Дыскусія паміж акторамі і адміністрацыяй хутка перарасла ў абмеркаванне праблемаў рэпертуарнай палітыкі, якую праводзіць Купалаўскі тэатр.

Вось што распавяла “Еўрарадыё” акторка Ганна Хітрык, адна з удзельніц узгаданай размовы:

“У тэатры шмат праблем, як мы лічым. Мы ўзнялі некаторыя пытанні. А тое, што адбылося з Алегам – гэта, як мне падалося, было проста нагодай для таго, каб каму-небудзь што-небудзь сказаць!”

Мікалай Кірычэнка, дырэктар і актор тэатра ў адным флаконе, прызнае прэтэнзіі трупы справядлівымі, хаця і акцэнтуе ўвагу на суб’ектыўнасці некаторых меркаванняў. Але наконт Алега Гарбуза, які апраўдваецца праблемамі са здароўем і нават прынёс даведку, дырэктар у інтэрв’ю “Еўрарадыё” выказаўся адназначна:

“У гэтую праблему як прычыну няяўкі на спектакль у тэатры ніхто не верыць. Калі што-небудзь здарылася, толькі мёртвы актор можа не патэлефанаваць і не папярэдзіць калег, што ў яго праблема.

Калі ён не з’явіўся а палове на 19-ю, і яму пачалі тэлефанаваць на мабільнік, ён не здымаў трубку. Ён піша ў тлумачальнай запісцы, што здымаўся ў нейкім кліпе ў джакузі, і, калі напачатку 19-й выйшаў з ваннай, яму стала дрэнна. Але прабачце: напачатку 19-й ён павінен не выходзіць з ваннай, а падыходзіць да тэатра.

Не ведаю, ці хопіць яму мужнасці сказаць гэта публічна, але ён проста (зараз скажу простым словам) прас**ў гэты спектакль!”

Па словах Мікалая Кірычэнкі, хуткую дапамогу Алег Гарбуз выклікаў у 19:35, калі ўжо паўгадзіны павінен быў знаходзіцца на сцэне.:

“Узнікла праблема са здароўем. Я табе такую праблему ствару за 5 хвілін: прыгатую 4 кубачкі кавы, вып’ю, мой ціск падляціць і я выклікаю “хуткую”. Таму рабіць з Алега ахвяру… Ён ахвяра ўласнай неарганізаванасці. Вось што я магу сказаць. А там на сайце “Хартыі-97” напісана, што мы сабраліся і хацелі пачвартаваць беднага хлопчыка… Якому ўжо 38 гадоў…

А перад гэтым рэпетыцыя. Прыязджае Латэнас з Вільні. Рэпетыцыя “Макбета” – ён у галоўнай ролі. Усе сядзяць разам з прыезжым рэжысёрам і чакаюць яго 50 хвілін, таму што Алежачка не паглядзеў расклад…”.

Тое, што зараз адбываецца паміж адміністрацыяй Купалаўскага тэатра і акторамі, безумоўна адаб’ецца на развіцці ўсёй тэатральнай сферы Беларусі. Бо “Купалаўскі тэатр” успрымаецца іншымі дзяржаўнымі тэатрамі як прыклад для развіцця. Таму Мікалай Халезін, рэжысёр і кіраўнік “Свабоднага тэатра”, лічыць перамены ў “Купалаўскім” неабходнымі.

“Купалаўскі тэатр не зрабіў усяго таго, што павінен рабіць нацыянальны тэатр. У яго ёсць пэўныя абавязкі перад краінай. Падрыхтоўка новых спецыялістаў. Развіццё нацыянальнай драматургіі – не старой, а сучаснай! Развіццё сучаснай рэжысуры.

Калі мастацкі кіраўнік кіруе тэатрам больш за 30 гадоў – ён проста не ў стане разумець, куды трэба рухацца, ён нават кампутарам не валодае. Ён увогуле не чытае сучасных п’есаў, ён не ведае, што гэта такое. У Купалаўскім тэатры практычна няма п’ес пра жывых беларусаў!”

Ці падштурхне гэтая сітуацыя да пераменаў найбуйнейшы нацыянальны тэатр краіны? Цалкам магчыма, што гэтае пытанне будзе вырашацца падчас сённяшняй сустрэчы акцёраў “Купалаўскага” з Усеваладам Янчэўскім, памочнікам прэзідэнта Беларусі. Але Ганна Хітрык, адна з трох запрошаных на гэтую сустрэчу ўдзельнікаў трупы, шчыра прызнаецца, што не ўяўляе, навошта пойдзе ў Адміністрацыю прэзідэнта:

“Я не разумею, чаго ад нас там чакаюць. Тое, што мы павінныя былі сказаць, мы сказалі. Але я не ведаю людзей, з якімі сёння сустрэнуся. Я не разумею, ці хочуць яны нешта змяніць. А можа, яны хочуць змяніць нас? Я хачу пачуць, чаго жадаюць яны, і калі ім будзе цікава, чаго хачу я, я з задавальненнем гэта ім паўтару”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках