4 траўня 2024, Субота, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

4 гады таму забілі журналістку Вераніку Чаркасаву (Абноўлена)

2
4 гады таму забілі журналістку Вераніку Чаркасаву (Абноўлена)

20 кастрычніка спаўняецца чатыры гады са дня забойства журналісткі газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай. Злачынец да гэтага часу не знойдзены.

Вераніка Чаркасава была знойдзеная мёртвай ва ўласнай кватэры. На ейным целе судмедэксперты налічылі каля 50 нажавых раненняў.

Следства першапачаткова настойвала на тым, што гэтае злачынства было здзейсненае па бытавых матывах. Галоўнымі падазраванымі сталі бліжэйшыя сваякі журналісткі.

Расследаванне, праведзенае журналістам Сяргеем Сацуком, пераканаўча давяло, што забойства здзейсніў прафесійны кілер, які спрабаваў імітаваць становішча бытавога злачынства. Аднак праваахоўныя органы фактычна ігнаруюць гэтыя довады. Па сутнасці, расследаванне забойства Веранікі Чаркасавай заблакаванае.

Журналісты звярталі ўвагу следства на той факт, што вясной 2004 года ў «Салідарнасці» выйшаў цыкл артыкулаў Веранікі Чаркасавай «КДБ усё яшчэ сочыць за табой», а яшчэ раней журналістка пісала аб іракскіх кантрактах фірмаў, звязаных з «Інфабанкам» (тады ён так называўся, зараз — «Трастбанк»).

Але следства не разглядае прафесійную версію забойства, вылучаную калегамі журналісткі. Сям’ю Веранікі дагэтуль турбуюць следчыя. 8 кастрычніка маці Веранікі Дыяну Чаркасаву і айчыма Уладзіміра Мялешку выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС Менска.

У той жа дзень у іх кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены ператрус. У кватэры шукалі, як заявілі супрацоўнікі РУУС, «зброю, наркотыкі, скрадзеныя рэчы». У выніку ператрусу нічога не забралі. На допыце ў Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі распытвалі, дзе зараз знаходзіцца сын журналісткі Антон Філімонаў.

«Антон зараз жыве за мяжой. Ён вымушаны быў выехаць, бо было відавочна, што следства ўсё роўна вяртаецца да яго ўвесь час як да галоўнага «кандыдата на падазраванага». Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць забойства Веранікі з Антонам», — лічыць Дыяна Чаркасава, маці Веранікі.

«Мы чатыры гады таму страцілі дачку, а цяпер фактычна згубілі ўнука, з якім не можам нават падтрымліваць нармальную сувязь. І ў такой сітуацыі «візіты» з ператрусамі і выклікі на допыты выглядаюць здзекам са старых людзей. Мы не можам паведаміць следству нічога новага», — дадае Д. Чаркасава.

20 кастрычніка журналісты ўскладуць кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка. Ад’езд ад гарадской ратушы на асабістым транспарце ў 13.30.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках