26 снежня 2024, Чацвер, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына: «Уначы ў момант падліку галасоў было часам цёмна»

6

3 кастрычніка на паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісііі Беларусі кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адхіліла практычна ўсе скаргі з боку апазіцыі, пададзеныя пасля правядзення ў краіне так званых «парламенцкіх выбараў».

У Цэнтрвыбаркам Беларусі паступіла 24 скаргі па 20 акругах на непрызнанне вынікаў выбараў, паведаміла ў Менску на паседжанні ЦВК кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Сябры ЦВК з правам дарадчага голасу запатрабавалі да падвядзення вынікаў «выбараў» разгледзець скаргі. Сярод аўтараў скаргаў - кандыдаты ў дэпутаты, якія прайгралі выбары і іх давераныя асобы, перадае «Інтэрфакс».

Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты ад АДС Алеся Міхалевіча запатрабаваў пераліку галасоў на адным з выбарчых участкаў на падставе таго, што яму асабіста быў выдадзены выбарчы бюлетэнь з 1 подпісам. Іншых бюлетэняў з адным подпісам выяўлена не было. У дадзенай сувязі была зробленая выснова аб адзінкавасці гэтага факту, які, па тлумачэннях сябраў камісіі, мог стаць магчымым з-за зліпання бюлетэняў.

Давераная асоба аднаго з кандыдатаў Юрыя Хадыкі заявіў аб парушэнне яўкі выбаршчыкаў, але дадзеныя факты, па меркаванні ЦВК, не знайшлі пацверджання.

Л.Ярмошына паведаміла, што астатнія скаргі, у ліку якіх скаргі вядомых палітыкаў, будуць разгледжаныя Цэнтрвыбаркамам 14 кастрычніка разам з падвядзеннем вынікаў выбараў у «савет рэспублікі», аднак, без удзелу сябраў ЦВК з правам дарадчага голасу.

Алена Скрыган - сябра ПКБ, сябра ЦВК з правам дарадчага голасу, заявіла, што «выбары» выявілі, што неабходныя іншыя падыходы на этапе рэгістрацыі, што агітацыя ў перыяд «выбараў» не можа праводзіцца па нормах закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Да падліку галасоў у дзень «выбараў», па адзнацы назіральнікаў ад ПКБ, было ўсё "нармальна", але на этапе падліку галасоў былі выяўленыя такія парушэнні, як неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў, колькасці бюлетэняў у ўрнах.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу, актывістка партыі БНФ Галіна Сямдзянава прапанавала ЦВК сыйсці ў адстаўку. "Ніводныя выбары за апошнія 8 год не прызнаныя міжнароднай супольнасцю. У такім становішчы вы, Лідзія Міхайлаўна, павінныя сыйсці ў адстаўку", - сказала яна і ў знак пратэсту пакінула паседжанне ЦВК.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу, актывіст АГП Уладзімір Раманоўскі прапанаваў Лідзіі Ярмошынай "выключыць п'янкі з выбарчага працэсу".

"Вы пра мяне?", - спытала Ярмошына.

"Не, я аб суправаджэнні выбараў", - адказаў Раманоўскі, дадаўшы, што "адзін чалавек сп’яну падавіўся і памёр".

Ярмошына заўважыла: "Калі да дня выбараў усё ішло роўна - шэры колер, у дзень выбараў было так добра, што колер даходзіў да белага, уначы ў момант падліку галасоў - часам цёмна. Прыйдуць рэкамендацыі АБСЕ з тым або іншым заключэннем, і мы пачнем абагульненне практыкі кампаніі і працаваць на будучыню".

Таксама старшыня ЦВК паведаміла, што ў першым туры «выбараў» «атрымалася зэканоміць каля 2 млрд. рублёў», якія яна збіраецца выдаткаваць на заахвочванне сябраў выбарчых камісій. А у сувязі з тым, што не спатрэбіцца праводзіць другі тур, «зэканомлена» 4 млрд. рублёў. Гэтыя сродкі з бюджэту і не паступалі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках