28 снежня 2024, Субота, 21:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» збіраецца папоўніць страты за кошт Украіны і Беларусі

«Газпрам» у 2009 годзе можа скараціць выручку ад продажу газа ў Еўропу. Гэта адбудзецца, калі кошты на нафту на працягу лістапада-снежня захаваюцца на ўзроўні $57-60 за барэль.

Кампенсаваць страты манаполія спадзяецца за кошт росту коштаў на газ у Расеі. Але эксперты лічаць, што дапамогуць «Газпраму» першым чынам кантракты з Украінай і Беларуссю, піша газета «Камерсант».

Учора намстаршкіраўніцтва "Газпрама" начальнік фінансава-эканамічнага дэпартамента Андрэй Круглоў на штогадовай канферэнцыі UBS "Расея і СНД: да росквіту праз партнёрства" у Маскве паведаміў, што ў снежні савет дырэктараў кампаніі разгледзіць яе стратэгію ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу. У прыватнасці на позву дня будуць вынесеныя пытанні па "адаптацыі да сапраўдных рынкавых умоваў". Акрамя таго, будзе разглядацца трохгадовы бюджэт кампаніі. "Нават пры неспрыяльным развіцці падзей "Газпрам" здольны супрацьстаяць насталаму фінансаваму крызісу і прагназуемаму экспертамі запаволенню сусветнай эканомікі",— запэўніў топ-менеджэр. Аднак ён удакладніў, што ў 2009 годзе можа адбыцца зніжэнне выручкі "Газпрама" ад продажу газа ў Еўропу. Кампенсаваць страты манаполія спадзяецца за кошт росту коштаў на ўнутраным рынку.

Экспартныя кошты "Газпрама" у ЕЗ прывязаныя да сусветных катыровак на нафту, мазут і газойль і змяняюцца ўслед за імі з затрымкай на шэсць-дзевяць месяцаў. Такім чынам, цяперашняе падзенне коштаў на нафту адаб’ецца на "Газпраме" толькі ў другой палове 2009 года. Крыніца "Камерсанта" у "Газпрам экспарце" растлумачыў, што пакуль падзенне коштаў за месяц не прывядзе да падзення выручкі кампаніі за год у цэлым, паколькі ў першым паўгоддзі чакаецца значны рост. "Мы будзе рабіць пэўныя разлікі ў лістападзе, але калі кошты на нафту захаваюцца на ўзроўні $57-60 за барэль яшчэ на два-тры месяцы, тады можна будзе чакаць і падзення выручкі ў цэлым. Калі жа яны паднімуцца да $90-95, то можна чакаць невялікага прыросту",— распавёў суразмоўца газеты. Ён дадаў, што ў першым паўгоддзі можа быць скарочаны аб'ём спажыванні газа ў Еўропе.

Галіновыя эксперты адзначаюць, што экспартная выручка будзе кампенсаваная ў асноўным за кошт росту коштаў на газ у краінах СНД — у Беларусі і Ўкраіне. Па прагнозе "Тройкі Дыялог" экспартная выручка "Газпрама" пры кошце нафты $65 за барэль знізіцца з $76 млрд у 2008 годзе да $68,3 млрд у 2009-м. Пры гэтым валавая выручка ад продажу на ўнутраным рынку захаваецца практычна на ранейшым узроўні — $20,4 млрд у 2008 годзе і $20,6 млрд у 2009 годзе пры падзенні курсу рубля да 30 руб. за $1. "Рост рублёвай выручкі на ўнутраным рынку на 20% апынецца з'едзены ўмацаваннем даляра",— растлумачыў Валерый Несцераў з "Тройкі Дыялог". Максім Шэін з "Брокеркрэдытсервіса" разлічыў некалькі варыянтаў развіцця падзей пры захаванні курсу 26 руб. за $1. Пры кошце на нафту ў $70 ён прагназуе падзенне сумарнай валавой выручкі "Газпрама" у 2009 годзе на $6,2 млрд, пры падаражэнні нафты да $95 страты манаполіі складуць не больш за $900 млн, а пры росце коштаў да $110 чакаецца прыбытак $12,6 млрд.

Затое ў СНД і краінах Балтыі "Тройка Дыялог" чакае рост прыбыткаў "Газпрама" з $13,4 млрд да $20,6 млрд. "Брокеркрэдытсервіс" таксама лічыць гэтыя рынкі асноўнай крыніцай кампенсавання падзення прыбыткаў "Газпрама" у ЕЗ. Максім Шэін адзначае, што "Газпрам" заяўляў аб намеры падвысіць кошты ў 2009 годзе для Беларусі да $200 за тысячу кубаметраў, для Ўкраіны — да $350-400. "Нават калі манаполія не атрымае жаданага выніку, то варта чакаць істотнага росту да ўзроўня гэтага года: $127,9 для Беларусі і $179,5 для Ўкраіны",— упэўнены аналітык. Па ягоным меркаванні, змена коштаў на гэтых двух рынках з аб'ёмам спажывання 75-77 млрд кубаметраў газа ў год (150-155 млрд кубаметраў у ЕЗ) могуць сур'ёзна паўплываць на ўзровень прыбыткаў "Газпрама".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках